У Дуброўне зладзілі “Вясельны фэст” (фотарэпартаж)

Мясцовы фальклёрны калектыў паказаў два абрады — “драць зайца” і “гнаць сучку” Як бяруць шлюб у розных рэгіёнах Віцебшчыны, вывучалі ў Дуброўне. Там зладзілі першы ў вобласці “Вясельны фэст”. Грошай, каб прывезці у невялічкі райцэнтр фальклёрныя калектывы з усіх рэгіёнаў, не хапіла. Таму прыехалі толькі пяць, а астатнія даслалі відэафільмы пра асаблівасці рэгіянальных шлюбных абрадаў.





Самі дубровенцы паказалі два фрагменты мясцовага вяселля. Адзін абрад носіць назву “драць зайца”, а другі — “гнаць сучку”. Дарэчы, фальклёрны гурт “Кудзеліца”, кіраўніца якога Настасся Красоўская калісьці запісала ды аднавіла гэтыя абрады, часта ладзіць іх для маладых.



Для Ірыны і Сяргея, што бралі шлюб у дзень фэсту, “Кудзеліца” спявала вясельныя песні ды паказвала, як правільна “драць зайца” бясплатна. Дарэчы, “драць зайца” — гэта спецыфічная дубровенская варыяцыя сустрэчы маладых. Калі ў іншых рэгіёнах суседзі проста перакрываюць дарогу жаніху ды нявесце і патрабуюць выкуп, тут ёсць свае асаблівасці. У ролі “зайца”, якога “дзяруць”, выступае сват. Жанчыны бойка спяваюць прыпеўкі, у якіх выстаўляюць свата ў дрэнным свеце. Маўляў, і гаспадар ён лянівы, і сквапны, і непрыгожы.

Спяваюць:

А ў нашага свата
някрытая хата,
ні клеці, ні павеці,
недзе рук пагрэці,
запалім мы сані,
пагрэемся самі!



Хаяць свата кабеты будуць да тае пары, пакуль ён іх не ўлагодзіць пачастункамі — гарэлкай, цукеркамі, ды іншым, чым здольны. Вось тады свата цалуюць ды велічаюць, пяюць, які ён спраўны гаспадар ды прыгожы мужчына.




Ролю вясельнай сучкі, якую прынята ганяць на трэці дзень вяселля, выконвае самая бойкая кабета-рагатуха. Яна апранаецца ў футра, чапляе на шыю цэп ды брэша на гасцей, лаецца, поўзае пад сталом ды шчыпае іх за ногі. Кажуць, што вясельная сучка павінна адбрахаць падчас вяселля, каб потым усё жыццё не лаяліся муж з жонкай, нявеска са свякрухай, зяць з цешчай. Напрыканцы застолля сучку гоняць з хаты разам нявестка і свякроўка.

На фэст у Дуброўна прыехаў з Менску вядомы этногаф, культуролаг Іван Крук. Ён ачоліў журы фэсту. Спадар Крук застаўся задаволеным тым, што ўбачыў і нават адсняў дубровенскія абрады на відэа.

Крук:
— Мне хочацца, каб усё гэта тыражыравалася, каб яно пашыралася ў нас на Беларусі, бо гэта элемент народнай душы. Разам з тым гэты фэст высвяціў для мяне некалькі праблемных сітуацый, і па-першае, неабходна вырашэнне праблемы кансалідацыі работнікаў ЗАГСа з работнікамі культуры. Не трэба адзін аднаго крыўдзіць, адзін аднаго пляжыць, трэба вучыцца і адзін аднаму дапамагаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі