Вы тут

У Докшыцкім раёне ў бервяне зруба знайшлі драўляную статуэтку Ісуса Хрыста

Драўляная статуэтка Ісуса Хрыста / dokshitsy.by

У Докшыцкім раёне ў бервяне зруба знайшлі паўметровую драўляную статуэтку Ісуса Хрыста. Бензапіла заглухла якраз тады, калі яе палатно павінна было разрэзаць фігурку ў дрэве на дзве часткі, расказаў журналісту газеты "Родныя вытокі" жыхар аграгарадка Валкалаты, механізатар Павел Кімстач.

Паводле слоў мужчыны, гады 2 таму сельвыканкам прапанаваў разабраць у суседняй вёсцы Віржы трухлявыя пабудовы некалькіх закінутых сядзіб і выкарыстаць у сваіх мэтах. Ён перавёз бярвенне старога хлява на свой падворак, каб пасля парэзаць яго на дровы. І вось з сярэдзіны аднаго бервяна і выкацілася на снег ярка расфарбаваная драўляная статуэтка на драўлянай падстаўцы. Яна выдатна захавалася і не мае ніякіх пашкоджанняў, хаця драўніна вакол схованкі была паедзена шашалем.

Выемка ў дрэве для размяшчэння статуэткі была зроблена спецыяльна. Старажылы кажуць, што ў вёсцы здаралася шмат пажараў, і людзі закладвалі нават у гаспадарчыя пабудовы своеасаблівыя абярэгі ад агню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.