У "чорнага капальніка" канфіскавалі міны, снарады і патроны

 Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Гомельскай вобласці канфіскавалі ў жыхара вёскі Літвінавічы Кармянскага раёна міны, снарады і патроны. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, 28-гадовы мужчына захоўваў дома больш за 450 патронаў, банку пораху, гранаты розных мадыфікацый, больш за 20 артылерыйскіх снарадаў, узрывальнікі, мінамётныя міны. Большасць боепрыпасаў былі закапаны ў агародзе. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, раней гэты малады чалавек затрымліваўся як "чорны капальнік". У 2000 годзе падчас чарговых нелегальных раскопак у месцах, дзе падчас вайны вяліся баі, ён пазбавіўся двух пальцаў на левай руцэ.


Паводле звестак экспертызы, большасць знойдзеных пры вобыску боепрыпасаў былі ў недзеяздольным стане, а некаторыя выкарыстоўваліся для гаспадарчых патрэб. Паводле слоў бацькі маладога чалавека, на тэрыторыі іх домаўладання ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся нямецкі бліндаж, тут праходзілі актыўныя баявыя дзеянні, таму потым мясцовыя жыхары часта выкопвалі з зямлі розную зброю і боепрыпасы. Знойдзены арсенал знішчаны. Вырашаецца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі