У Брытаніі зраўнялася колькасць жадаючых выйсці з ЕС і застацца ў ім

У Вялікабрытаніі 7 траўня адбудуцца парламенцкія выбары. Кіруючая Кансерватыўная партыя паабяцала, што калі пераможа, будзе ініцыяваць рэферэндум аб выхадзе Злучанага каралеўства з Еўрасаюза.

Згодна з самым апошнім сацыялагічным даследаваннем, амаль аднолькавая колькасць брытанцаў падтрымлівае ЕС і выступае супраць яго. Так, 40% апытаных адказалі, што прагаласавалі б за тое, каб Вялікабрытанія засталася ў складзе Еўрасаюза, 39% хацелі б выйсці з яго складу, 17% не змаглі адказаць.

Цікава, што яшчэ напрыканцы мінулага года, паводле дадзеных апытання французскага даследчага інстытута OpinionWay, за выхад Вялікабрытаніі са складу ЕС гатовыя былі прагаласаваць 42% брытанцаў, у той час як супраць выступалі толькі 37%. Тады апытанне праводзілася па замове газеты Le Figaro.

Тое апытанне выявіла таксама, што і ў Нідэрландах за выхад з ЕС выказаліся 39% апытаных, у той час як 41% з імі не пагадзіліся.

Менш за ўсё жадаючых выйсці са складу ЕС апынулася ў Іспаніі (17%, супраць — 67%), у Германіі (22%, супраць — 64%) і ў Францыі (22%, супраць — 55%).

Нагадаем, што Вялікабрытанія ўваходзіць у склад Еўрасаюза з 1973 года. Перад уступленнем у каралеўстве быў праведзены рэферэндум, на якім большасць выказала жаданне інтэгравацца з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі.

Фота: reuters.com, rexfeatures.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі