У Брэсцкай вобласці за год пабольшала ветэранаў Вялікай Айчыннай

Еўрарадыё вырашыла высветліць, чаму так адбылося
У Брэсцкай вобласці сабралі падвойную статыстыку колькасці жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Першы раз іх налічылі 6529, у другі раз — 7009 чалавек. Колькі ж насамрэч ветэранаў на Брэстчыне — Еўрарадыё вырашыла спраўдзіць у адмыслоўцаў.

У аддзеле ідэалогіі аблвыканкама сказалі, што іх статыстыка не афіцыйная, і параілі звярнуцца ў іншы аддзел. 

Ветэранская арганізацыя Брэстчыны займае некалькі офісаў аблвыканкама. Кабінет кіраўніка гэтай грамадскай арганізацыі Сцяпана Амялюсіка — на першым паверсе. Спадар Амялюсік паведаміў:

Амялюсік: Ветэранаў вайны каля пяці тысячаў. Гэта франтавікі і прыроўненыя па ільготах. За апошнія пяць гадоў ветэранаў паменела напалову. У нас дзве тысячы інвалідаў вайны і тры з нечым тых, хто не быў паранены.

Інваліды вайны першай і другой групаў атрымліваюць 400% мінімальнай пенсіі — больш за 800 тысяч беларускіх рублёў. Проста ўдзельнікі вайны маюць 100% мінімальнай пенсіі. Пэўныя грошы належаць родзічам памерлых удзельнікаў вайны і нават тым, хто атрымаў звязаныя з ваеннымі дзеяннямі раненні выпадкова. Пытаю ў спадара Амялюсіка, ці не спрабуюць людзі неяк палепшыць свой статус. Ён не адмаўляе:

Амялюсік: На рэспубліканскім пленуме ўчора былі такія заявы з боку былых афіцэраў, каб і іх прыраўняць да ветэранаў вайны. Але ж як гэта можа быць? Тыя кроў на фронце пралівалі, а гэтыя, можа, і выстралу не чулі. 

А ці запісваюць часам людзей ва ўдзельнікі вайны і прыроўненыя да іх катэгорыі (працаўнікі тылу ды інш.) з іх настойлівай просьбы? Сцяпан Амялюсік рашуча адмаўляе такую верагоднасць:

Амялюсік: Наадварот, людзі скардзяцца, што не могуць атрымаць дакументы. Я пятнаццаць гадоў кіраваў упраўленнем сацыяльнай абароны вобласці. Колькі праз мяне прайшло скаргаў на кваліфікацыйныя камісіі ВТЭК, што ім не ўстанаўліваюць раненні як ваенныя. Адзінае тут, партызаны і падпольшчыкі. Для іх жа не было архіваў. Там даў ім урад палёгкі. Але ім таксама трэба было знайсці сур’ёзныя дакументы. Баявую характарыстыку ад камандзіра атрада і пацверджанне двух партызанаў. А камандзіры ў Брэсцкай вобласці ўсе да аднаго памерлі. 

Але спадар Амялюсік кажа і іншае:

Амялюсік: Вось, ёсць перашкоды. Але распавядалі: калі тыя партызаны на сустрэчы добра вып’юць, дык знаходзіцца нейкі таварыш альбо знаёмы камандзіра і кажа раптам: а вось ён быў нашым сувязным. А сувязных жа трымалі ў вялікай таямніцы, і яны гэтаксама ішлі на смерць. І потым даказаць, што гэты чалавек увабраўся ў лік удзельнікаў вайны падманам, практычна немагчыма. 

Прыкладна тое самае сказалі ў адным з раённых ветэранскіх офісаў:

Дзяжурная па офісе: Так, ёсць рост. Ветэранаў больш не становіцца. Партызанаў большае.
Еўрарадыё: А як? Выпраўляюць дакументы?
Дзяжурная: Так.
Еўрарадыё: А на колькі больш стала ў вашым раёне? На дзясяткі? На сотні?
Дзяжурная: Не, сотні — гэта не. На пару дзясяткаў, можа, болей стала. Адны паміраюць, а другія, вось, дадаюцца.

Агулам у Брэсцкай вобласці 360 тысяч ветэранаў — і вайны, і працы. Большасць з іх мае малую працоўную, многія — мізэрную сацыяльную альбо інвалідскую пенсію. Пазбаўленне іх ільготаў паўтара года таму яшчэ больш адмежавала матэрыяльна ветэранаў вайны ад ветэранаў працы. Можа быць, некаторыя з іх вырашылі з гэтай нявыкруткі стаць на старасці гадоў партызанамі, падпольшчыкамі і сувязнымі.


Фота: ByMedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі