У Брэсце знеслі гістарычны будынак XIX стагоддзя

Двухпавярховы дом знаходзіўся ля самага перону станцыі "Брэст-Цэнтральны". Ён быў у досыць добрым стане і апошнія гады выкарыстоўваўся камунальнымі службамі. Аднак перад самым Новым годам будынак знеслі, бо ён патрапіў пад забудову ў ходзе рэканструкцыі пасажырскага комплексу.



На дзеянні мясцовых уладаў, якія далі дазвол на знос, паскардзіўся брэсцкі краязнаўца і філакартыст Аляксандр Пашчук. На пачатку года ён накіраваў ліст у Міністэрства культуры, дзе паведаміў не толькі пра знесены дом, але пра пагрозу іншым гістарычным аб'ектам у горадзе.



Як расказаў Еўрарадыё Аляксандр Пашчук, яго зварот у Мінску не разгледзелі, а перанакіравалі ў Брэсцкі гарвыканкам. Фактычна, разбірацца ў сітуацыі даручылі дзяржаўнаму органу, на які і скардзіўся брэстаўчанін.



Пашчук: “Чаму ліст перанакіравалі ў наш гарвыканкам? Гэта мусіць вырашаць Міністэрства культуры, якое павінна звярнуць увагу на просьбу. Для чаго ў інтэрнэце яны выстаўляюць электронны адрас для зваротаў, тэлефон гарачай лініі? Гэтага я не магу зразумець! Калі да іх звяртаюцца людзі, а яны зноў перанакіроўваюць тым, хто займаецца зносам”.



Знесены будынак каля вакзала не знаходзіўся сярод аб'ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў Брэста, таму і не трапіў у "ахоўны" спіс. Са словаў кіраўніка Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, дом меў прыкметы для  надання статусу, аднак, на жаль, ніхто ў горадзе своечасова не паклапаціўся пра гэта.



Астаповіч: “Будынак зруйнаваны, але ён статусу не меў гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ніхто на яго не падаў прапанову аб наданні статусу: ні мясцовыя органы ўлады, ні мясцовыя краязнаўцы. Пры добрым абгрунтаванні гэта было можна зрабіць. Вядома, шкада, што знікае гістарычная архітэктура, але гэтае знікненне, канкрэтна з гэтым будынкам, адбылося ў межах дзеючага заканадаўства. Тут нават дадаць больш нечага”.



Дарэчы, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь не заўсёды ратуе брэсцкія будынкі ад зносу. Так, напрыклад, горад можа пазбавіцца гістарычнага дому па вуліцы Астроўскага, яго мясцовыя ўлады прызналі "аварыйным".

На фота з архіву Аляксандра Пашчука: Ужо знесены гістарычны будынак можна пабачыць на старым фота за аўтобусам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі