У Брэсце затрыманыя 28 удзельнікаў сустрэчы з Паўлам Севярынцам

У Брэсце затрыманыя 28 удзельнікаў сустрэчы з Паўлам Севярынцам, з былым палітвязнем, а зараз сустаршынём аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Яна праходзіла ў офісе гарадской філіі Партыі БНФ. Ужо на пачатку з’явіліся міліцыянты (толькі некаторыя былі ў форме) і, праўдападобна, супрацоўнікі КДБ, якія пачалі стукаць у дзверы.
“Еўрарадыё” дэтэлефанавалася да моладзевага актывіста Андрэя Любянчука, які зараз знаходзіцца ў РАУС Маскоўскага раёна Брэста. Вось што ён распавёў пра абставіны ўварвання міліцыянтаў у офіс:

“Яны пачалі спачатку ветліва стукаць, пасля ламіцца. Пасля пачалі выносіць дзверы. Пагражалі ўжыццём агнястрэльнай зброі. Далі нам хвіліну часу. Мы адчынілі. Яны ўварваліся”.

Паводле словаў Любянчука, міліцыянты заявілі, што атрымалі аператыўную інфармацыю пра “сход крымінальнікаў”. Яны прымусілі ўсіх закласці рукі за галаву. Тых хто гэта не зрабіў, груба штурхалі.

Усіх 28 чалавек завезлі ў пастарунак, дзе перапісалі іх пашпартныя звесткі. У каго не было дакументаў, у тых запісвалі звесткі са словаў. Пасля людзей пачалі выклікаць па некалькі чалавек на размову.

На трох чалавек ужо складзеныя пратаколы за "ўдзел у несанкцыянаваным сходзе".

Павел Севярынец заставаўся ў офісе, дзе міліцыянты рабілі опіс рэчаў. З ім аднаму з актывістаў удалося стэлефанавацца. У яго забралі пашпарт, а асабістыя рэчы апячаталі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі