У Брэсце дапыталі бацьку немаўляці, якое жорстка збіла п'яная маці

Брэсцкія следчыя ў рамках расследавання крымінальнай справы аб замаху на забойства немаўляці дапыталі яго бацьку.

Нагадаем, 22 лістапада ў рэанімацыю брэсцкай бальніцы прывезлі 5-месячнага хлопчыка Сашу. Апоўначы яго збіла п'яная маці, сына ў жахлівым стане раніцай знайшоў бацька, які вярнуўся з начной змены. Ён выклікаў хуткую дапамогу. У хлопчыка выявілі чэрапна-мазгавую траўму, ушыб, ацёк і гематому галаўнога мозгу з кровазліццём, пералом пляча.

20-гадовая маці хлопчыка кажа, што напярэдадні ўвечары выпівала. Калі сын уначы пачаў плакаць, яна стала біць яго далонню па твары, а потым кідала на канапу і ложак. Пасля гэтага жанчына легла спаць.

Праваахоўнікі затрымалі жанчыну. На яе пачалі крымінальную справу за замах на забойства заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане.

Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, падчас допыту бацька хлопчыка распавёў, што з будучай жонкай пазнаёміўся ў сакавіку 2013 года, у лютым яны ўзялі шлюб. Ён згадаў пра СМС, у якім жонка калісьці пагражала паздзекавацца над сынам. Распавёў мужчына, што калі ўвечары 21 лістапада сыходзіў на працу, жонка была цвярозая. Калі ж ён выклікаў медыкаў, яна прасіла не рабіць гэтага.

Маці хлопчыка на допыце пацвердзіла, што збівала сына. Яе прывозілі ў кватэру, дзе яна паказвала следчым, якім чынам дзіця атрымала цялесныя пашкоджанні. Дарэчы, вядома, што яна мае базавую адукацыю, двойчы (у 2011 і 2013 гадах) прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных напояў. Жанчына цяжарная.

Следчыя працягваюць высвятляць усе адставіны і ўмовы здзяйснення дадзенага злачынства.

Фота — sk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі