У Брэсце будаўнікі знайшлі падземны ход (фота)

Ход быў адкрыты пасля таго, як злева ад пешаходнага мосціка цераз чыгунку, пад знесенымі шапікамі, пачалі прыбіраць верхні слой глебы. Вось што распавёў Еўрарадыё адзін з будаўнікоў:



"Пачалі здымаць чарназём, тут і знайшлі ход. Ён напалову круглы, цагляны. У вышыню паўтара-два метры. Ад паверхні да дна метры чатыры. Правяралі ў інтэрнэце маладзейшыя, дык казалі, што гэты ход ідзе ў Брэсцкую крэпасць".



Паводле слоў будаўніка, ход заліты вадой. У шырыню ён мае прыблізна два — два з паловай метры, перакрыты скляпеннем. Будаўнікі пакінулі да хода люк, каб не страціць прывязку і адкачваць ваду пры магчымым падтапленні сутарэнняў Брэсцкага вакзала.

Адзначым, што існуе шмат згадак пра падземныя камунікацыі пад Брэсцкім вакзалам і вакол яго. Але на сур’ёзныя даследаванні пакуль ніхто не наважыўся.

Метрах у дваццаці ў бок прыгараднага вакзала знайшлі яшчэ адзін цагляны калодзеж невядомага прызначэння з жалезнымі скобамі, каб спускацца ўніз. Ён засыпаны друзам. Гэты калодзеж мяркуюць закрыць плітой.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі