У Брэсце адкрыўся Тыдзень нямецкай мовы і культуры

У абласной бібліятэцы аб’явілі праграму і “неспадзяванку тыдня”. Ёй будзе літаратурная імпрэза ў суботу вечарам. Удзел бяруць беларускія літаратары са сваімі вершамі па-беларуску і ў перакладзе на нямецкую мову. Прыйдзе брэстчанін Сяргей Прылуцкі, з Мінску прыедуць Вера Бурлак і Віктар Жыбуль.
Карын Краўс, выкладчыца Службы школьнай адукацыі за межамі Нямеччыны, адна з арганізатараў Тыдня, паабяцала:

"Нас чакаюць цікавыя і разнастайныя сустрэчы. Адмыслова прыязджаюць на Тыдзень Тобіяс Кнубэн, дырэктар Інстытута германазнаўства ў Мінску, Фолькэр Янсен з Кола сяброў Брэста ў горадзе-партнёры Равэнсбургу, Хайкэ Забэль, супрацоўніца “Саксонскай газеты”, Томас Хаўн, берлінскі архітэктар".

У праграме — паведамленні пра сумесны нямецка-беларускі Чарнобыльскі праект “Дамы замест Чарнобыля”, разнастайныя семінары і майстроўні па нямецкай мове, германістыцы, прагляд кінафільмаў, расповед пра архітэктуру нямецкай сталіцы.

Сярод арганізатараў Тыдня Інстытут імя Гётэ ў Мінску і Брэсцкая абласная бібліятэка. У панядзелак адкрылася выстава нямецкіх кніг, прададзеных Інстытутам імя Гётэ бібліятэцы ў часовае карыстанне.

Гэта другі такі Тыдзень у Брэсце. Людзей на адкрыццё прыйшло сёлета менш, чым летась. Спадарыня Аліна, настаўніца адной са школ, патлумачыла:

"Робячы цяперашнюю рэформу адукацыі, па вывучэнню замежных моў нанеслі скрышальны ўдар. Адмянілі ўхілы, паглыбленні. У нас адмянілі ліцэйскі клас, і нямецкая мова пайшла на факультатыў. Натуральна, ёю цяпер цікавяцца менш".

Заключны ўрачысты канцэрт з уручэннем прызоў пераможцам разнастайных конкурсаў адбудзецца ў аўторак 21 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі