У Брэсце 11 "нічыйных" дарог, што былі ў кепскім стане, знойдуць свайго ўласніка

У Брэсце 11 "нічыйных" дарог, што былі ў кепскім стане, знойдуць свайго ўласніка

У Брэсце 11 "нічыйных" дарог знойдуць свайго ўласніка. Пра гэта мясцовыя сацыял-дэмакраты даведаліся ад уладаў. Яшчэ ў 2014 годзе актывісты гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) збіралі подпісы пад патрабаваннем рамонту аднаго з праездаў у мікрараёне Усход. Зварот быў накіраваны ў Брэсцкі гарвыканкам і ДАІ вобласці. Сацыял-дэмакраты таксама патрабавалі прыцягнуць да адказнасці вінаватых у стане дарожнага пакрыцця.

Але выявілася, што гэты праезд стаіць на ўліку ў гарвыканкаме як "безгаспадарчы". Доўгі час было невядома, каму ж належыць дарога, якая праходзіць паміж садкамі №34 і №41 ды сярэдняй школай №10, распавядае Еўрарадыё кіраўнік гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс:

“Такое маруджанне уладаў тлумачыцца там, што насамрэч у Брэсце шмат такіх месцаў, за якія ніхто не нясе адказнасці. Калі вы бачыце ў мікрараёне Усход дарогі ў кепскім стане, то з упэўненасцю можна сказаць, што гэтыя дарогі “нічыйныя”, што за іх ніхто не адказвае і таму ніхто іх не прыводзіць у належны стан”.

Не зважаючы на тое, што гэты праезд стаіць на ўліку як “безгаспадарчы”, пэўныя рамонтныя працы на ім ўсё ж такі час ад часу адбываюцца. Але, на думку Канюс, робіцца гэта “для галачкі”:

“Рамонт гэтых дарог адбываецца па наступным прынцыпе: калі застаўся матэрыял ад рамонту вялікіх дарог, то прыязджае машына і высыпае асфальт у гэтыя яміны. Аднак ніхто не робіць гэта добра! Днямі я акурат праходзіла там, дзе адбываўся такі “рамонт” — усе гэтыя яміны зноў сталі ямінамі”.

Аднак днямі стала вядома, што ажно некалькі "нічыйных" дарог у Брэсце ўсё ж атрымаюць свайго ўласніка. Гарадскія ўлады Брэста адказалі на калектыўны зварот жыхароў горада. Чыноўнікі паведамляюць, што шэраг безгаспадарчых праездаў і дарог цягам 2016-га года будуць у судовым парадку перададзеныя пад адказнасць "Брэсцкага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства".

“Яны былі безгаспадарчымі, таму мы звярнуліся да ўладаў, каб нешта было зроблена з гэтай праблемай. Трэба ўсё ж такі адрамантаваць пакрыццё дарогі і зрабіць яго прыемным для мясцовых жыхароў. І вось Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт нам адказаў, што гэтыя дарогі будуць пастаўленыя на ўлік пасля таго, як будзе зробленая ўся тэхнічная дакументацыя”.

"Агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры" ўжо правяло тэхнічную інвентарызацыю. На дадзены момант арганізацыя выявіла і зрабіла ведамасці тэхнічных характарыстык для 11 безгаспадарчых праездаў мікрараёна Усход.

Дарэчы, падобная сітуацыя адбывалася і ў мікрараёне Паўднёвы на "нічыйным" праездзе, што злучае вуліцы Ракасоўскага і Жукава. Пасля абскарджванняў, якія цягнуліся паўтара года, там усё ж такі зрабілі капітальны рамонт дарогі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі