У Белгазпрамбанку арыштавалі 3 млн еўра жонкі намесніка міністра фінансаў Расіі

У Белгазпрамбанку арыштавалі 3 млн еўра жонкі намесніка міністра фінансаў Расіі

Дэпартамент фінансавых расследаванняў падазрае, што Белгазпрамбанк праводзіў падазроныя фінансавыя аперацыі з удзелам падрадчыкаў "Газпрама". У іх фігуруе намеснік міністра фінансаў Андрэй Круглоў, які раней быў намеснікам старшыні праўлення "Газпрама". 

Пра гэтыя аперацыі паведамляецца ў сюжэце, які выйшаў 15 ліпеня на тэлеканале "Беларусь 1". Сюжэты, прысвечаныя незавершанай "справе Белгазпрамбанка", пастаянна з'яўляюцца на розных дзяржаўных тэлеканалах пасля затрымання экс-кіраўніка банка Віктара Бабарыкі.

Па звестках следства, як паведамілі на БТ, менавіта з Кругловым намеснік кіраўніка банка Сяргей Шабан абмяркоўваў аб'ёмы плацяжоў з кампаніяй "Будгазкансалтынг" два гады таму. Па версіі следства, Белгазпрамбанк стаў афшорам, праз які "адмываліся" фінансы расійскай фірмы: грошы паступалі ў банк, а ў той жа ці на наступны дзень вярталіся ў Расію — у тыя ж структуры або новаствораныя кампаніі. За два гады па разліковым рахунку "Будгазкансалтынгу" было праведзена каля 2,2 мільярды долараў у эквіваленце, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ДФР КДК Аляксандр Пракапенка

Тым часам расійскія крэдыторы выставілі да гэтай жа фірмы пазовы на агульную суму больш за 100 мільярдаў расійскіх рублёў.

Таксама следства заявіла, што пад Андрэя Круглова быў створаны спецыяльны валютны рахунак. 

"Гэты банкаўскі прадукт нідзе не афішаваўся, паколькі ён быў створаны выключна пад аднаго чалавека — грамадзяніна РФ Андрэя Вячаслававіча Круглова. Усяго за перыяд існавання банка былі заключаныя толькі тры дамовы пазыкі з фізічнымі асобамі — нерэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь. Два з грамадзянінам Кругловым Андрэем Вячаслававічам на агульную суму 8,5 мільёна еўра і адзін — з яго жонкай на суму 3 мільёны еўра", — кажа намеснік начальніка ўпраўлення ДФР КДК Дзмітрый Дзягілеў.

У чым незаконнасць гэтага рахунку, у сюжэце не паведамляецца.

Пасля таго, як Круглоў стаў намеснікам міністра фінансаў Расіі, яго рахунак быў зачынены. Аднак рахунак жонкі чыноўніка заставаўся ў Белгазпрамбанку.

"У цяперашні час у Белгазпрамбанку размешчаны толькі грашовыя сродкі жонкі Круглова на агульную суму 3 мільёны еўра. У рамках расследавання крымінальнай справы на гэтыя грашовыя сродкі накладзены арышт. Для выяўлення ўсіх абставінаў супрацьпраўнай дзейнасці праз Генпракуратуру Беларусі ў кампетэнтныя органы Расіі накіраваныя міжнародныя даручэнні аб аказанні прававой дапамогі", — заявіў Дзягілеў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі