У беларускага рэжысёра Гнёта пагоршылася здароўе ў турме ў Сербіі

Андрэй Гнёт

Андрэй Гнёт / t.me/dw_belarus/

У беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта пагоршылася здароўе ў турме ў Сербіі. Неабходнай меддапамогі ён не атрымлівае. Як піша "Позірк", пра гэта стала вядома са звароту Народнага антыкрызіснага ўпраўлення да рабочай групы еўрапейскіх дыпламатаў. НАУ просіць паспрыяць у аказанні меддапамогі беларусу ў бялградскай турме.

Пра тое, што ў зняволенні ў Гнёта “раптам адмовіла нага”, ён распавёў свайму сябру па тэлефоне. У лісце дыпламатам адзначаецца, што “ніякіх траўмаў ці знешніх уздзеянняў не было, прычын для паралічу, па сутнасці, няма". А звароты да адміністрацыі турмы засталіся без адказу. Андрэй Гнёт таксама пісьмова звярнуўся ў суд з просьбай звярнуць увагу на ўмовы яго ўтрымання і адсутнасць належнага медыцынскага абслугоўвання.

Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысёр, сузаснавальнік "Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY" (у Беларусі яно прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем"). Інтэрпал затрымаў яго ў кастрычніку 2023 года ў Сербіі на запыт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які абвясціў яго ў вышук па справе аб падатках. Адвакаты кажуць, што гэта палітычна матываваны пераслед, а на радзіме Гнёта могуць чакаць катаванні.

Суд першай інстанцыі ў снежні 2023-га ўхваліў дэпартацыю беларуса ў РБ. Аднак сёлета ў сакавіку Вышэйшы суд (Апеляцыйны) адмяніў гэтае рашэнне і адправіў справу на перагляд. Рашэнне суда чакаецца на працягу месяца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі