У Беларусі змяніліся ўмовы атрымання ільготнага жылля

У Беларусі змяніліся ўмовы атрымання ільготнага жылля

1 сакавіка пачынае дзейнічаць указ №460 ад 15 лістапада 2015 года. Згодна з ім, змяняюцца ўмовы ільготнага крэдытавання для пэўных катэгорый насельніцтва.


Так, дзеці-сіроты цяпер маюць права на пазачарговае атрыманне ільготнага 1%-га крэдыту на будаўніцтва жылля тэрмінам да 40 гадоў. Да таго ж, яны будуць атрымліваць сацыяльнае жыллё тэрмінам да пяці гадоў. Калі ж тэрмін скончыцца, жыллё пяройдзе ў статус арэнднага і яны могуць працягваць там жыць.


Дзеці-інваліды І і ІІ групы, якія жывуць з бацькамі, таксама маюць права ўдзельнічаць у будаўніцтве жылля разам з бацькамі і атрымліваць ільготны крэдыт.


Тыя, хто жыве ў маласямейках і не маюць магчымасці пабудаваць ці набыць кватэру, змогуць перавесці сваё інтэрнацкае жыллё ў арэнднае, а потым яго выкупіць. Для гэтага ахвочыя мусяць да 1 ліпеня 2016 года падаць у выканкамы заявы пра сваё жаданне стаць уласнікам. Праўда, тыя, хто жыве ў звычайных інтэрнатах больш за 10 гадоў, пазбавіліся права "першай чаргі": маўляў, ёсць дах над галавой — і добра.


Катэгорыя грамадзян, якая мела першачарговае права на атрыманне камерцыйнага дзяржаўнага арэнднага жылля (вайскоўцы, суддзі, маладыя спецыялісты па размеркаванні), цяпер мусяць часткова яго аплочваць. Напрыклад, раней для іх дзейнічаў паніжальны каэфіцыент па арэнднай плаце на ўсю жылплошчу. Цяпер ільгота будзе распаўсюджвацца толькі на 20 метраў на кожнага члена сям'і.


Да таго ж, грамадзяне, якія адмыслова набылі дом аварыйнага стану, каб стаць на ўлік у паляпшэнні жыллёвых умоваў, будуць пазбаўленыя такой магчымасці. Выключэннем стануць тыя, хто атрымаў такі дом у спадчыну.


Грашыма за арэнднае жыллё, якія паступяць у бюджэт, аблвыканкамы і гарвыканкамы будуць распараджацца паводле свайго меркавання.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі