У Беларусі затрымалі буйную партыю кантрафактнага Jack Daniels з Расіі
У Беларусі затрымалі буйную партыю кантрафактнага алкаголю, якая можа быць атрутнай. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніку Пасмецьеву.
Беларускія праваахоўнікі спынілі канал пастаўкі і збыту кантрафактнага алкаголю з Расіі на 1,2 млрд рублёў напрыканцы лістапада. Яны мяркуюць, што гэтая партыя "шэрага" алкаголю можа быць звязаная з сурагатным алкаголем, які расійскія калегі затрымалі ў Краснаярскім краі. Там ад ужывання кантрафактнага алкаголю пацярпелі больш за 40 чалавек, прычым 11 з іх загінулі.
Расійскія праваахоўнікі тады выявілі, што атручванні адбываліся з-за ўжывання падробак вядомага віскі Jack Daniels (таксама вядомы выпадак атручвання каньяком "Лезгінка"). Алкаголь нелегальна вырабляўся на тэрыторыі Маскоўскай вобласці, а потым дастаўляўся ў рэгіёны Расіі.
Следчы камітэт Расіі пачаў восем крымінальных справаў па ўказаных фактах. Затрыманыя чатыры чалавекі, прызнаныя падазраванымі. Аналагічныя выпадкі атручвання зафіксаваныя ў Чувашыі, Арэнбургскай, Маскоўскай, Курскай і Калужскай абласцях.