Вы тут

У Беларусі выканалі чарговы смяротны прысуд

Віктар Паўлаў падчас суда

Праваабаронцы паведамляюць, што ў Беларусі выканалі чарговы смяротны прысуд, хаця скарга на яго яшчэ разглядаецца ў Камітэце па правах чалавека ў ААН. 

Гаворка ідзе пра Віктара Паўлава, якога асудзілі ў 2019 годзе па абвінавачанні ў забойстве дзвюх сясцёр-пенсіянерак. Паводле следчых, мужчына палкай збіў жанчын да смерці і забраў з іх дому 179 рублёў. 

У 2020-м Паўлаў падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Ён заявіў пра катаванні ў месцах пазбаўлення волі, пра несправядлівы судовы разгляд і адмову ў доступе да юрыдычнай дапамогі. Камітэт зарэгістраваў скаргу і накіраваў у Беларусь просьбу прыпыніць выкананне смяротнага прысуду.

Інфармацыя пра магчымае выкананне смяротнага прысуду хадзіла з чэрвеня 2021 года, але афіцыйна яе не каментавалі нягледзячы на запыты ААН. А пэўны час таму віцебскі абласны суд паведаміў сям'і Паўлава, што яго расстралялі. Пры гэтым дата пакарання і месца пахавання Віктара Паўлава не называюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.