Вы тут

У Беларусі выбралі 29 кандыдатаў у касманаўты

На Міжнароднай касмічнай станцыі / pixabay.com

У Беларусі выбралі 29 кандыдатаў у касманаўты. Траціна з іх — жанчыны. Спіс ужо перададзены ў "Роскосмос", які арганізуе палёт і адбярэ аднаго з дзясяткаў. Чакаецца, што беларускі касманаўт паляціць у космас ужо ў канцы 2023 года, паведамляе тэлеканал АНТ.

Пры адборы кандыдатаў (жадаючых было каля сотні) былі вызначаны наступныя крытэрыі: узрост — 25-40 гадоў, вышэйшая адукацыя ў галіне хіміі, біялогіі, матэматыкі, ракетакасмічнай тэхнікі, валоданне англійскай мовай. Сярод іх ёсць некалькі кандыдатаў навук.

Беларусы ўжо былі ў космасе. У савецкія часы гэта зрабілі Пётр Клімук (упершыню ў 1973 годзе) і Уладзімір Кавалёнак (упершыню ў 1977-м). Пра сваё беларускае паходжанне распавядала Валянціна Церашкова, першая жанчына ў космасе (1963). Беларускае паходжанне маюць касманаўты Алег Навіцкі і Алег Арцем'еў, якія дагэтуль лятаюць у космас.

Пра тое, што робяцца першыя крокі для падрыхтоўкі першага касманаўта суверэннай Рэспублікі Беларусь, летам 2020-га заявіў старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. А восенню мінулага года пра ўключэнне беларускага касманаўта ў склад экіпажу Міжнароднай касмічнай станцыі згадаў Уладзімір Пуцін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.