У Беларусі ў выніку няшчасных выпадкаў і траўмаў памерла 149 дзяцей

У Беларусі ў выніку няшчасных выпадкаў і траўмаў памерла 149 дзяцей

У 2015 годзе ў Беларусі ў выніку няшчасных выпадкаў і траўмаў памерла 149 дзяцей, у тым ліку 20 дзяцей ва ўзросце да года. Пра гэта 2 лютага паведаміла загадчыца лабараторыі неанаталогіі і рэабілітацыі нованароджаных і дзяцей першага года жыцця РНПЦ "Маці і дзіця" Таццяна Гнядзько.

Паводле яе слоў, смяротнасць зніжаецца. У 2014 годзе ў нашай краіне з-за бытавых траўмаў памерла 198 дзяцей ва ўзросце ад года да 17 гадоў, да года — 23. Асноўныя знешнія прычыны дзіцячай смяротнасці — няшчасныя выпадкі, траўмы і атручэнні, інфармуе БелаПАН.

Прычынамі смерці дзяцей у 2015-м у 24% выпадкаў сталі выпадковыя ўтапленні, у выніку ўздзеяння дыму і агню — 15%. У 13% прычынай смерці стала выпадковае механічнае ўдушэнне. Наўмысна нанеслі сабе траўмы, у тым ліку з мэтай самагубства, 12%, адно дзіця было забітае.

Гнядзько звярнула ўвагу на тое, што вынікам няшчасных выпадкаў з'яўляецца не толькі смяротны зыход. Ёсць і іншыя наступствы, якія змяняюць якасць жыцця дзіцяці, — інваліднасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі