У Беларусі стварылі Савет па фінансавай стабільнасці

У Беларусі стварылі Савет па фінансавай стабільнасці

Згодна з сумеснай пастановай Савета міністраў і Нацбанка №454/16, у Беларусі створаны Савет па фінансавай стабільнасці, перадае interfax.by.

Гэтую структуру ўзначалілі старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр і першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі. Таксама ў савет увайшлі міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, міністр фінансаў Уладзімір Амарын, іх першыя намеснікі — Аляксандр Забароўскі і Максім Ермаловіч, а таксама намеснікі старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны (першы намеснік), Дзмітрый Лапко і Дзмітрый Калечыц.

Савет будзе арганізоўваць і каардынаваць узаемадзеянне дзяржаўных органаў пры маніторынгу фінансавай стабільнасці. У тым ліку ён будзе арганізоваўць комплексны аналіз фактараў, якія ўплываюць на захаванне фінансавай стабільнасці: стан плацежнага балансу, кансалідаванага бюджэту, юрыдычных асоб, хатніх гаспадарак, дзяржаўнай пазыкі, пазыкі органаў мясцовага кіравання і самакіравання, пазыкі, гарантаванай Рэспублікай Беларусь і мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, пазыкі Нацбанка, банкаў, прадпрыемстваў і хатніх гаспадарак, іншыя фактары.

Новая структура зоймецца распрацоўкай і каардынацыяй мер, накіраваных на забеспячэнне фінансавай стабільнасці, у тым ліку ў выпадку дэстабілізуючага ўздзеяння ўнутраных і знешніх фактараў.

Паведамляецца, што для забеспячэння дзейнасці савета будуць створаныя працоўныя камітэты з работнікаў Нацбанка, Мінфіна і Мінэканомікі. Гэта будзе камітэт па ацэнцы фінансавай стабільнасці і выпрацоўцы мер па яе забеспячэнні, па распрацоўцы механізмаў вырашэння крызісных сітуацый на фінансавым рынку, па каардынацыі падыходаў да рэгулявання і наглядзе.

Пасяджэнні савета будуць адбывацца не радзей за два разы на год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі