У Беларусі прапануюць увесці крымінальную адказнасць за рэабілітацыю нацызму

У Беларусі прапануюць увесці крымінальную адказнасць за рэабілітацыю нацызму

У Беларусі распрацаваны законапраект, які ўзмацняе барацьбу з прапагандай нацызму і экстрэмізму. У ім прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць за рэабілітацыю нацызму, інфармуе БЕЛТА.

Праўкі прапануецца ўнесці ў артыкул 130 Крымінальнага кодэкса. Санкцыя гэтага артыкула будзе распаўсюджвацца не толькі на наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, але і на рэабілітацыю нацызму. Такія дзеянні прапануецца караць штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Змены плануецца ўнесці і ў Адміністрацыйны кодэкс. За прапаганду, публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд сімволікі або атрыбутыкі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый прапануецца зрабіць такую ж адказнасць, як і за аналагічныя дзеянні з нацысцкай сімволікай або атрыбутыкай: для фізічных асоб — штраф да дзесяці базавых велічыняў (адна базавая на сёння — 24,5 рубля) або адміністрацыйны арышт, для ІП — штраф да 50 базавых, для юрыдычных асоб — да 200 базавых з канфіскацый прадмета правапарушэння, а таксама прыладаў і сродкаў правапарушэння або без канфіскацыі.

За такія ж правапарушэнні, учыненыя паўторна на працягу года пасля папярэдняга спагнання, фізічную асобу могуць аштрафаваць на суму ад 10 да 20 базавых велічыняў або пакараць адміністрацыйным арыштам, для ІП — штраф у 20-50 базавых, для юрыдычных асобаў — 50-200 базавых. 

Закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму" таксама прапануюць змяніць. У ім плануецца даць тлумачэнні, што разумеецца пад тэрмінамі "нацызм", "нацысцкая сімволіка і атрыбутыка", "рэабілітацыя нацызму". Напрыклад, пры рэабілітацыі нацызму, на думку аўтараў законапраекта, гаворка ідзе пра апраўданне ідэалогіі і практыкі нацызму, ухваленне або адмаўленне злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенных і іншых злачынстваў, праслаўленне ваенных злачынцаў і злачынных арганізацый.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі