Вы тут

У Беларусі прапаноўваюць змяніць тарыфы на газ для насельніцтва

Фота: pixabay.com

Дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне "Белпалівагаз" прапануе ўвесці адзіны тарыф на газ у летні і зімовы перыяд. Пра такую заяву генеральнага дырэктара "Белпалівагаза" Леаніда Рудзінскага паведамляе БЕЛТА.

Рудзінскі мяркуе, што такое рашэнне даўно наспела. Увядзенне адзінага тарыфу, на яго думку, будзе дадатковым крокам для скарачэння перакрыжаванага субсідавання.

Гендырэктар звярнуў увагу на наяўнасць жылых дамоў, якія знаходзяцца каля дзеючых газаправодаў і ў якія можна падвесці газ. Але жыхары гэтых дамоў па-ранейшаму працягваюць карыстацца газам у балонах, што эканамічна нявыгадна для арганізацый "Белпалівагаза". Такіх дамоў Рудзінскі налічыў каля 150 тысяч. Ён прапанаваў увесці дыферэнцыяцыю коштаў на газ у балонах для тых, хто мае магчымасць падлучыцца да газаправоду. Таксама спецыяліст лічыць неабходным дазволіць газавым гаспадаркам вылучаць сродкі на дапамогу людзям у газіфікацыі для гатавання ежы.

У Беларусі газіфікавана прыродным газам больш як 2,8 мільёна кватэраў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — 422 тысячы.