У Беларусі перахварэлі на грып паўмільёна чалавек

Каля паўмільёна чалавек перахварэлі на грып альбо яшчэ хварэюць у Беларусі. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Рэспубліканскім цэнры гігіены і эпідэміялогіі.
Пра асаблівасць захворванняў сёлетняй зімой гаворыць загадчыца аддзяленнем імунапрафілактыкі Вераніка Шымановіч:

“Сёлета ідзе цыркуляцыя віруса, аналагічнага мінулагодняму. У тых людзей, якія перахварэлі летась, ёсць імунітэт. Гомельская вобласць перахварэла летась, там шмат людзей хварэла, асабліва ў Рэчыцы. А сёлета Гомельская вобласць у нас спакойная. А вось у Гродна ў нас адваротная карціна”.

Нагадаем, эпідэмія пачалася ў студзені з Ліды і Гродна. Цяпер захворванні там, а таксама ў Брэсце, пайшлі на спад. У Мінскай вобласці пачалі хварэць жыхары Нясвіжскага, Мядзельскага раёнаў, а таксама горада Маладзечна.

Паводле словаў Веранікі Шымановіч, пра далейшае развіццё сітуацыі з эпідэміяй грыпу можна будзе сказаць толькі праз тыдзень. Эпідэміолагі кажуць, што ўсё залежыць ад Віцебскай і Гомельскай абласцей, у якіх пакуль “спакойна”. Калі гэтая сітуацыя не зменіцца, тады можна будзе сказаць, што грып у Беларусі фактычна “пераможаны”, да наступнай зімы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі