Вы тут

У Беларусі памежныя АЗС будуць прадаваць дызельнае паліва па падвышаных цэнах

Новыя "контрсанкцыі" закрануць еўрапейскіх перавозчыкаў / Ілюстрацыйнае фота vk.com/gpkgovby

У Беларусі 12 памежных АЗС, замацаваных за пунктамі пропуску, будуць прадаваць дызельнае паліва па падвышаных цэнах. Як паведамляе "Белнафтахім", новаўвядзенне пачне дзейнічаць з 20 траўня. Змены коштаў датычаць дызельнага паліва марак ДП-Л-К5, гатунак С, ЕСО, ці ДП-З-К5, гатунак F, ECO, ці ДП-З-К5, клас 0, ECO, ці ДП-З-К5, клас 2, ЕСО. Напярэдадні з'явілася інфармацыя пра аб'явы на памежных АЗС пра новы кошт дызельнага паліва — 3,58 рубля за літр!

У "Белнафтахіме" падкрэсліваюць, што ў беларускіх грамадзян і замежнікаў-фізасоб застаецца магчымасць запраўляць аўтамабілі іншымі відамі дызельнага паліва на іншых АЗС у нашай краіне.

Відавочна, што беларускі бок уводзіць новыя "контрсанкцыі", якія закрануць еўрапейскіх перавозчыкаў. У пачатку траўня ім было забаронена праязджаць па тэрыторыі Беларусі, за выключэннем даезду праз пэўныя пункты пропуску да месцаў перагрузкі ці перачэпкі, якія знаходзяцца недалёка ад мяжы. Гэта быў адказ на забарону для беларускіх грузавікоў уязджаць на тэрыторыю ЕС.

Улады Беларусі намагаюцца знайсці новыя крыніцы паступлення грошай у бюджэт. Для гэтага і прыдумляюцца розныя схемы. Напрыклад, нядаўна з'явіўся праект з абавязковай дэзінфекцыяй транспарту ў пунктах пропуску на мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.