У Беларусі пачалі прамысловы выпуск вакцыны супраць каранавіруса

Ампулы з вакцынай "Спутник V" / з архіву БЕЛТА
Ампулы з вакцынай "Спутник V" / з архіву БЕЛТА

У Беларусі на прадпрыемстве "Белмедпрэпараты" пачаўся прамысловы выпуск вакцыны супраць каранавіруса, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Гаворка ідзе пра расійскую вакцыну "Спутник V", якую ў Беларусі разліваюць з расійскага паўпрадукта.

Масавая вакцынацыя можа пачацца "з апошняй дэкады красавіка пасля атрымання вынікаў кантролю якасці", заявіў гендырэктар "Белмедпрэпаратаў" Сяргей Бяляеў.

Ён таксама паведаміў, што на прадпрыемстве разлічваюць штомесяц выпускаць да 500 тысяч доз прэпарата.

Першыя пробныя серыі вакцыны "Спутник V" былі выпушчаныя ў Беларусі ў канцы лютага. Да канца сакавіка Міністэрства аховы здароўя планавала прыступіць да прамысловага выпуску вакцыны — так, каб у красавіку пачаць масавую вакцынацыю. Дагэтуль ад COVID-19 у краіне прышчаплялі ў асноўным медработнікаў і педагогаў. Для гэтага выкарыстоўвалі прывазны "Спутник V".

Аднак ужо з сярэдзіны сакавіка, па словах міністра Дзмітрыя Піневіча, ва ўстановах аховы здароўя пачалі складаць спісы з усіх ахвочых прышчапіцца ад COVID-19. Ахвочых шмат, казаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Акрамя расійскай у Беларусі выкарыстоўваюць кітайскую вакцыну супраць каранавіруса вытворчасці "Сінафарм". Ёю таксама прышчапляюць медработнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі