У Беларусі на Паўла Латушку распачалі чарговую крымінальную справу

У Беларусі на Паўла Латушку распачалі чарговую крымінальную справу

У Беларусі на апазіцыйнага дзеяча Паўла Латушку распачалі чарговую крымінальную справу. На гэты раз заяўляецца пра "злачынства", здзейсненае ім падчас працы на пасадзе міністра культуры.

Справу распачала Генпракуратура РБ. Латушку інкрымінуецца "здзяйсненне злачынства супраць службы" — "Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў" (ч. 3 арт. 426 КК). Па ёй прадугледжана пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Па версіі пракуратуры, у 2012-м міністр культуры даў указанне аб уключэнні "шэрагу загадзя незапатрабаваных кінапраектаў" у тэматычны план па вытворчасці фільмаў. І пры гэтым ён нібыта ведаў пра адстутнасць падстаў для такога фінансавання з дзяржбюджэту. У выніку Дэпартамент па кінематаграфіі Мінкульта заключыў з кінавытворцамі дамовы і "незаконна прафінансаваў вытворчасць пазначаных фільмаў" (яны не называюцца).

Заяўляецца пра нанесеную шкоду дзяржаве "у асабліва буйным памеры". Расследаваннем крымінальнай справы будзе займацца цэнтральны апарат Следчага камітэта.

Павел Латушка быў міністрам культуры ў 2009-2012 гадах. Ён з 2020 года жыве за мяжой, з'яўляецца кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. З ім сустракаюцца кіраўнікі ЕС, а ў Беларусі на яго распачынаюць крымінальныя справы. У кастрычніку 2021-га Следчы камітэт Беларусі пачаў справу "аб самавольным прысваенні звання ці ўлады службовай асобы". Па ёй разам з Паўлам Латушкам праходзіць і Святлана Ціханоўская. А ў красавіку іх унеслі ў спіс асобаў, датычных да... тэрарыстычнай дзейнасці. Яшчэ раней Латушку інкрымінавалі "змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання" і "заклікі да дзеянняў на прычыненне шкоды нацбяспецы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі