Вы тут

У Беларусі эстрэмісцкім матэрыялам можа стаць нават партрэт экстрэміста

Улады спадзяюцца, што "экстрэмізму" стане менш / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі апублікаваны законапраект аб папраўках у закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". Улады вырашылі яго абнавіць на фоне пратэстаў, якія адбываліся ў нашай краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

З дакумента вынікае, што пад экстрэмізмам цяпер разумеецца "планаванне, арганізацыя, падрыхтоўка і здзяйсненне дзеянняў, якія пасягаюць на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку". Прыцягваць да адказнасці будуць не толькі за стварэнне "экстрэмісцкай" арганізацыі, але і за ўдзел у ёй.

Пашыраецца панятак, што такое "экстрэмізм". Ім могуць палічыць і абразу чыноўніка ці сілавіка, і распаўсюд непраўдзівых звестак пра сітуацыю ў нашай краіне, і публічныя заклікі да правядзення несанкцыянаванага пікета ці мітынга.

Экстрэмісцкім матэрыялам у Беларусі можа стаць нават партрэт экстрэміста, а таксама сімволіка і атрыбутыка. Экстрэмісцкай арганізацыяй могуць прызнаць арганізацыю, якая "аказвае... садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". "Экстрэмісцкім фармаваннем" лічаць групу грамадзян, якая "здзяйсняе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо аказвае... садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", альбо яе фінансуе, і якія прызналі "экстрэмісцкімі" МУС ці КДБ.

Палата прадстаўнікоў ужо прыняла гэты законапраект у першым чытанні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.