У Беларусі будуць рэформы ў сферы правоў чалавека?

Беларусь будзе працаваць над рэформамі ў плане дэмакратыі, развіцця грамадзянскай супольнасці, свабоды дзейнасці няўрадавых арганізацый, вяршэнства закона і захавання правоў чалавека. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, адказваючы на пытанне інфармагенцтва "Agence Europe".
Аднак пры гэтым ён зрабіў важную агаворку. Азначаная праца будзе адбывацца толькі па тых аспектах, якія Беларусь сапраўды палічыць важнымі для сябе, інфармуе БЕЛТА.

Па словах Сяргея Мартынава, ЕС ад сваіх партнёраў найперш чакае стабільнасці і эканамічнага дабрабыту. Міністр перакананы, што менавіта на гэтых крытэрах заснаваная ініцыятыва "Усходняе партнёрства". І па гэтых крытэрах Беларусь, кажа чыноўнік, мае лідэрскія пазіцыі сярод усіх шасці "усходніх партнёраў" Еўрасаюза.