У Беларусь ужо прыехалі 350 хакейных заўзятараў. Большасць ― з Польшчы

“Лічба прыязджаючых хакейных заўзятараў змяняецца. Але сёння раніцай ужо было прыкладна сотні тры з паловай”, ― расказвае Еўрарадыё прэс-сакратар Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Бязвізавы ўезд для хакейных заўзятараў Беларусь адкрывае амаль за два тыдні да пачатку спаборніцтваў ― 25 красавіка. Так што, на дадзены момант да нас у краіну штодня прыязджае прыкладна сотня аматараў хакея. У Памежным камітэце кажуць, што большую частку заўзятараў пакуль складаюць… палякі.

“Больш за ўсё турыстаў пакуль прыехала з Польшчы. А так, лятуць з Даніі, з Амерыкі і з Азіі. Геаграфія пакуль вельмі вялікая”.

Цікава, што зборная Польшчы па хакеі у Мінск не прыедзе. Сёлета нашы заходнія суседзі ўжо бралі ўдзел у Першым дывізіёне чэмпіянату свету, выступаючы ў групе В. Спаборніцтвы прайшлі ў сярэдзіне красавіка ў Вільні, і палякі іх выйгралі, заваяваўшы права ў наступным годзе паспрачацца за пуцёўку ў элітную групу. Хаця розніца паміж коштам беларускай візы для палякаў (60 еўра) і мінімальным коштам квітка (8 еўра) шмат што тлумачыць.

Памежнікі кажуць, што сачыць за заўзятарамі ніхто не збіраецца ― у Беларусь пусцяць любога, хто пакажа на мяжы актуальны квіток і пашпарт. Выключэнне будзе толькі для тых, каму забаронены ўезд у Беларусь.

“Калі ўезд забаронены, то такога чалавека, напэўна, не прапусцяць. Стоп-лісты ёсць і дзейнічаюць у любой краіне. Але я скажу вам так, пакуль ні ў аднаго чалавека праблем не ўзнікала”.

Прыехаць па адным квітку у Беларусь можна толькі адзін раз, і вельмі пажадана, мець яго пры выездзе з краіны. Для паўторнага бязвізавага візіту спатрэбіцца ўжо іншы.

Як даведалася, Еўрарадыё, для наведвання Беларусі замежным турыстам з 25 красавіка па 31 траўня не патрэбная не толькі беларуская віза, але нават абавязковая для атрымання візы медыцынская страхоўка. А Памежны камітэт нават стварыў на сваім сайце асобную старонку, дзе кожны заўзятар можа папярэдне зарэгістравацца ― у такім выпадку яго знаходжанне на беларускай мяжы скароціцца да мінімуму. Першым такой паслугай скарыстаўся грамадзянін Эстоніі.

 Фота tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі