У Беларусь на WorldMusicTree запросяць Б'ёрк

26-га траўня ў віцебскім амфітэатры адбудзецца прэм’ера новага грандыёзнага фестывалю музыкі WORLD і ЭТНА пад назвай WorldMusicTree. Напярэдадні імпрэзы адзін з натхняльнікаў фэсту, Андрусь Палаўчэня, распавёў Еўрарадыё пра асноўную ідэю “міжнароднага музычнага дрэва”, заінтрыгаваў магчымасцю правядзення свята ў розных краінах і падзяліўся планамі на будучыню. Праект WorldMusicTree - ідэальная прастора для эксперыментаў не толькі ў музычнай галіне, але і ўвогуле ў галіне мастацтва. Усё пачынаецца з канцэрту монстраў беларускага этна: “Палац”, “Троіца”, “ OSIMIRA ”. А вось чым працягнецца фэст і чаго дасягне – усё залежыць ад імпэту арганізатараў і спрыяльнасці космасу, які з’яўляецца неад’емнасцю этна-свету.

Галоўныя дзеючыя асобы фэсту – добравядомыя “ OSIMIRA ” - Андрусь Палаўчэня і Алег Ціханаў, задумалі вырасціць міжнароднае дрэва, гэткі ўніверсальны Сімвал жыцця. Як сцвярджаюць самі арганізатары, “гэты сімвал можа стаць сімвалам аб’яднання людзей на аснове іх культуры”.

Андрусь Палаўчэня: “Мы задумалі гэты праект як міжнарожны, па-першае, бо нам вельмі цікава ўбачыць людзей, апантаных творчасцю этнічнай, з’яднаць іх, але не змешваць пры гэтым нацыянальныя межы. Для нас вельмі істотна, каб кожны гурт, кожны выканаўца мог прадставіць сваю краіну паўнавартасна, і кожная краіна, кожны ўдзельнік будзе складаць галінку дрэва, якое мы будзем разам будаваць – міжнароднае дрэва”.

Фэст стартуе як музычны, толькі з цягам часу можа ператварыцца ў мільтыкультурную імпрэзу, не прывязаную да вялікіх пляцовак. Ён будзе аб’ядноўваць мастакоў, тэатралаў, харэографаў, людзей, якія займаюцца народнымі промысламі і іншымі мастацтвамі.
Па словах арганізатараў, фестываль WorldMusicTree плануюць праводзіць некалькі разоў на год і не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.

Андрусь Палаўчэня:
“Мы плануем праводзіць фэст два альбо чатыры разы на год. Усё залежыць ад ідэі кожнай імпрэзы. І гэта можа быць у розных краінах. У нас ужо ёсць дамоўленасць, напрыклад, з Польшчай, але пра гэта рана пакуль гаварыць. Бо, па-першае, нам трэба зрабіць добры старт. Ад таго, як мы гэта зробім, будзе залежыць будучыня нашага праекту ”.

Тым ня менш, другая частка фэсту ўжо запланаваная. Яна адбудзецца ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску” і будзе ўяўляць сабою выступ зорак расійскай этна-сцэны.

Андрусь Палаўчэня:
“ На другую частку, якая адбудзецца падчас “Славянскага базару” у ліпені, запланаваны расійскія зоркі: Старасцін, Іна Жэланная, Іван Смірноў ”.

Шчыра кажучы, мне вельмі радасна, што фэсты WORLD і этна-музыкі ў Беларусі выходзяць з падпольных, лакальных і карпаратыўных на міжнародны ўзровень. І маю надзею, што мары арганізатараў спраўдзяцца – беларусы змогуць пабачыць Б’ёрк!

Андрусь Палаўчэня:
“Марым запрасіць Dead Can Dance , Corvus Coraz. Ёсць надзея калісьці зайграць канцэрт з Б’ёрк ... Лічу, што надзеі, калі іх вырошчваць, як дрэвы, збываюцца”.

Дадам, што фестываль WorldMusicTree стартуе 26-га траўня вялікім канцэртным шоў Палацу, Троіцы і OSIMIRA , з выдатным святлом, гукам і таннымі білетамі. Кошт квіткоў – ад 8-мі да 20-ці тысяч рублёў.

Фота: www.muzeon.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі