Вы тут

Тысячы работнікаў "Нафтана", "Гродна-Азота" могуць не дапусціць да працы

На хім- і нафтазаводах допуск да працы не могуць атрымаць тысячы работнікаў / БЕЛТА

Каля 2,5 тысячы работнікаў "Нафтана" могуць не атрымаць допуск да працы, паведамляе прэс-служба афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Гэта выклікана зменамі ў патрабаваннх да здароўя некаторых катэгорый работнікаў пры праходжанні медагляду. У пункце 9 дадатку 3 інструкцыі аб парадку правядзення абавязковых і пазачарговых медыцынскіх аглядаў працаўнікоў пазначаныя захворванні, якія перашкаджаюць працы ў процігазе пры работах на выбухованебяспечных і пажаранебяспечных вытворчасцях. Сярод супрацьпаказанняў пазначаная вастрыня зроку без карэкцыі ніжэй за 0,8 на адным воку і ніжэй за 0,4 на другім або ніжэй за 0,7 на кожным воку. 

З такой праблемай сутыкнуліся таксама работнікі ААТ "Гродна-Азот«, ААТ "Мазырскі НПЗ" ды іншых прадпрыемстваў хімічнай і нафтаперапрацоўчай галін.

Па словах старшыні Віцебскага абласнога савета Белхімпрафсаюза Сяргея Троцкага, для рабочых, якія працуюць у процігазах заўжды існаваў прафесійны адбор. Але паводле новай інструкцыі гэтыя патрабаванні распаўсюдзіліся на ўсіх работнікаў. 

На "Нафтане" пасля планавага медагляду з'явілася падстава адхіліць ад працы нават намесніка дырэктара, бо ў яго быў нізкі зрок. Пытанне ўдалося часова развязаць толькі пасля ўмяшання прафсаюза.

Рэспубліканскі камітэт Белхімпрафсаюза склікаў нараду, у якой прынялі ўдзел у тым ліку прадстаўнікі Мінздароўя, Мінпрацы, Белхімпрафсаюза, канцэрна "Белнафтахім", заводаў "Нафтан", "Палімір", "Гродна Азот" і Мазырскага НПЗ. Па выніках нарады Мінздароўя падрыхтавала ліст з тлумачэннем парадку прымянення некаторых пунктаў згаданай інструкцыі.

"У лісце пазначана, што для тых катэгорый работнікаў, якія не ўжываюць процігаз, медыцынскія агляды праводзяцца без уліку павышаных патрабаванняў да здароўя", — тлумачыць Сяргей Троцкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.