Вы тут

Тры ўраджаі за год і ўласнае мора? Плюсы і мінусы пацяплення для Беларусі

Знясільваючая спёка ў Мінску / "Мінск-Навіны"

Глабальнае пацяпленне — у топе сусветных тэм для абмеркавання. Сярэдняя тэмпература на планеце расце, і Беларусь не выключэнне. Мінулы год стаў самым цёплым за ўвесь перыяд назіранняў за кліматам: пры норме ў +6,7 градуса сярэднегадавая тэмпература склала 8,8 градуса.

Карыстальнікі "Твітара" пачалі паўжартоўны трэд з плюсамі і мінусамі глабальнага пацяплення для Беларусі. З плюсаў:

— трэба будзе менш расійскага газу на ацяпленне;
— можна будзе збіраць па 2-3 ўраджаі за год;
— узімку можна будзе хадзіць без шапкі (прывітанне, мама!);
— у Беларусі з'явіцца ўласнае мора;
— а яшчэ свае ківі і бананы.

Праўда, адразу ж знайшліся і мінусы:

— засухі і пагроза маштабных лясных пажараў;
— зніжэнне ўзроўню рэк, азёр і грунтовых вод;
— Палессе можа ператварыцца ў пустыню.

А калі сур'ёзна: што наконт плюсаў і мінусаў глабальнага пацяплення для Беларусі думаюць эксперты?

2019 год, Лукашэнка збірае кавуны пад Мінскам

Чаму зіма не прыходзіць? Гэта ўсё глабальнае пацяпленне?

Ужо сярэдзіна каляндарнай зімы, а за акном — дажджы, вецер, плюсавая тэмпература. Нешта не сыходзіцца. Наталля Клявец, начальнік аддзела вывучэння змен клімату Белгідрамета, пацвярджае: так, зімы ў Беларусі пакуль не было. З сярэдзіны верасня ў нашай краіне стаіць восеньскае надвор'е.

Спецыяліст тут жа супакойвае: нічога страшнага ў гэтым няма. Напрыклад, цёплым студзень быў і ў 1984 годзе. Тады першага чысла тэмпература паднялася да 5,9 ℃. А ў 2020-м — толькі да 1,8 ℃!

"Але пацяпленне — гэта не міф, а факт. З 1989 года ў свеце ідзе трэнд на павышэнне тэмператур. І гэта пацяпленне не мае сабе роўных у гісторыі метэаназіранняў. Перыяд з 2010 па 2019 год адзначаны як самы цёплы", — распавядае Наталля Клявец.

"Чакаецца, што Беларусь будзе адчуваць умераныя або мінімальныя ўздзеянні глабальнага пацяплення. Наш клімат ссоўваецца ў паўднёвы бок. За апошнія 10-15 гадоў сярэдняя тэмпература ў Беларусі павысілася на 0,8 градуса. І гэта шмат", — разважае Марыя Фалалеева, старшыня цэнтральнага савета МГА "Экапраект".

Студзень 2020 года, лебедзі на вадасховішчы ў Мінску / Reuters

Гэта значыць, у Беларусі і праўда можна будзе збіраць па некалькі ураджаяў за год і вырошчваць бананы?

Сельская гаспадарка — галіна, на якую кліматычныя змены ўплываюць найбольш. Хутка спецыялістам спатрэбіцца перагледзець тэрміны пасадкі культур і падумаць пра больш цеплалюбівыя расліны.

"З-за пацяплення змяняецца працягласць вегетацыйнага перыяду. Карацейшай стане зіма. Гэта значыць, можна будзе вырошчваць іншыя культуры", — удакладняе Наталля Клявец.

Калі раней, напрыклад, грэчка на Віцебшчыне лічылася экзотыкай, дык цяпер на поўначы Беларусі атрымліваюць добрыя ўраджаі гэтай культуры.

Летам будзе сорокоградусная спёка?

Будзе, але не так-та і хутка. Такія тэмпературы ў Беларусі чакаюць у 2050 годзе. Пакуль што рэкорд зафіксавалі ў Гомелі ў 2010 годзе — +38,9 ℃.

"Нядаўна мы правялі разлік змяненняў клімату разам са спецыялістамі Галоўнай геафізічнай абсерваторыі імя Ваяйкова (Санкт-Пецярбург). Па самым жахлівым сцэнары да канца стагоддзя тэмпературы ў свеце вырастуць прыблізна на 4 градусы. Што тычыцца нашых шырот, дык, акрамя новых рэкордаў, з кожным годам усё радзей будуць адзначацца вельмі нізкія тэмпературы, напрыклад -25 ℃", — тлумачыць Наталля Клявец.

Зіма ў Беларусі стане карацейшай, а летні перыяд — даўжэйшым і больш дажджлівым. Агульная колькасць ападкаў змяніцца не павінная, але яны стануць менш раўнамернымі. Марыя Фалалеева лічыць, што гэта нават можа прывесці да паводак.

Да 2050 года Мінск стане падобны да Венецыі? Усё ж не / Reuters

Так у Беларусі з'явіцца выхад да мора?

Эколагі спяшаюцца расчараваць нас: сапраўднага мора ў Беларусі ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі не прадбачыцца.

"А калі мы і будзем мець справу з катаклізмамі такога маштабу, дык большасць насельніцтва еўрапейскага рэгіёну (і Беларусі ў тым ліку) да гэтага моманту спыніць сваё існаванне. Зараз кліматолагі і географы ўсё больш заклапочаныя праблемай "кропкі невяртання", калі адзін працэс у экасістэме пераходзіць крытычны ўзровень і запускае эфект даміно. Гэты варыянт робіцца ўсё больш рэальным. Напрыклад, раставанне леднікоў ў Грэнландыі прыводзіць да зменаў у экасістэмах краін Афрыкі і Амазонскіх лясоў", — тлумачыць Марыя Фалалеева.

Пры гэтым эксперт настроеная пазітыўна: пакуль у нас ёсць усе інструменты, каб пазбегнуць экалагічнай катастрофы.

Пацяпленне можа адбіцца на здароўі беларусаў?

Эколагі лічаць, што беларусы — істоты вельмі метэазалежныя. Ужо цяпер нязвыклая для нас спёка дрэнна адбіваецца на самаадчуванні людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

"Таксама памяншаецца колькасць дзён з тэмпературай ніжэй за нуль, пры якой гіне большасць вірусаў. Адпаведна, расце рызыка эпідэмій. А падчас спёкі павялічваецца рызыка пераносу захворванняў праз узбуджальнікаў ў вадзе — у гарадах варта зрабіць больш сучасныя сістэмы ачысткі", — мяркуе Марыя Фалалеева.

За апошнія гады значна павялічылася колькасць захворванняў, якія пераносяць кляшчы. Усё праз пацяпленне. Раней перыяд актыўнасці паразітаў складаў некалькі тыдняў улетку. Зараз ён доўжыцца з канца вясны па пачатак восені.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.