Травень б’е тэмпературныя рэкорды: у суботу зноў +33

У апошнiя днi сярэднясутачная тэмпература была на 7-11 градусаў вышэй клiматычнай нормы. Пра гэта паведамiла галоўны сiноптык Рэспублiканскага гiдраметцэнтра Вольга Фядотава.
Учора ў Гомельскiм i Лельчыцкiм раёнах былi перавышаны абсалютныя тэмпературныя максiмумы траўня, калi тэмпература паветра дасягала адпаведна 32 i 33 градусаў. Такая гарачыня назiралася ў траўні ўпершыню за ўвесь час iнструментальных назiранняў, якiя складаюць больш за 100 гадоў.

Аднак ужо сёння на тэрыторыю Беларусi завiтала больш свежае паветра з боку Скандынаўскага паўвострава. Сёння тэмпература паветра будзе вагацца ад 19 градусаў на поўначы краiны да 28 градусаў на поўднi.

У наступныя днi да нас зноў прыйдзе даволi цёплы антыцыклон. У пятнiцу-суботу ападкаў амаль не прадбачыцца, толькi ў суботу ўдзень месцамi па Гродзенскай i Вiцебскай абласцях магчымы кароткачасовыя навальнiчныя дажджы. У суботу чакаецца павышэнне тэмпературы да +33.

Паведамляе газета “Звязда”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі