Трамп у судзе (зноў), а паліцыя нораваў на вуліцах Ірана (зноў) — #ІхНоравы
![Іх норавы / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/215_1.jpg.webp?itok=msHbxAID)
Іх норавы / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У Тэхасе людзі на конях, усюдыходах і дронах дапамагалі сям'і знайсці збеглую казу Вілі — і знайшлі.
"Нават маленькая козачка важная: яна навучыла нас, што мы мусим клапаціцца адно пра аднаго. Калі мы разам, няма практычна нічога, з чым мы не можам справіцца", — кажуць мясцовыя жыхары.
Калі б не такія гісторыі, агляды міжнародных навін былі б занадта змрочнымі. Дзякуем тэхаскім фермерам за веру ў чалавецтва і расказваем, што яшчэ адбылося ў свеце за апошнія 24 гадзіны.
Непрыемныя флэшбэкі
Дональд Трамп апынуўся ў адным будынку суда з яшчэ тысячай падсудных. Трампа абвінавачваюць у змове і спробе адмяніць сваю паразу на выбарах. Яшчэ тысячу яго прыхільнікаў — у датычнасці да штурму Капітолія 6 студзеня 2021, які адбыўся пасля заяваў Трампа. Будынак суда знаходзіцца ўсяго за некалькі метраў ад месца таго памятнага бунту.
Трампа ў судзе дапыталі хутка. Ён назваў сваё імя, узрост і заявіў пра сваю невінаватасць. На гэтым зносіны з судом скончыліся і пачаліся зносіны з журналістамі. Ім ён сказаў, што справа палітычна матываваная.
![Трамп в суде (снова), а полиция нравов на улицах Ирана (снова) — #ИхНравы](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/_130644653_gettyimages-15905630901221.jpg.webp?itok=zroifBnM)
За чатыры месяцы гэта ўжо трэцяе з'яўленне Трампа ў якасці абвінавачанага ў крымінальным судзе. Як ні бы мы ні ставіліся да Трампа асабіста і Рэспубліканскай партыі ў цэлым, крымінальныя абвінавачанні ў адрас самага імавернага кандыдата ў прэзідэнты ў беларусах абуджаюць непрыемныя флэшбэкі.
Зрэшты, гэтыя абвінавачанні не перашкодзяць Трампу зноў балатавацца ў прэзідэнты, калі рэспубліканцы ўсё ж зробяць стаўку менавіта на яго. Цалкам магчыма, нас чакае паўтарэнне матча "Трамп — Байдэн".
Паліцыя нораваў вяртаецца
У Іране ўсё робіцца толькі горш. Да гадавіны масавых пратэстаў, якія ўспыхнулі ўслед за смерцю маладой дзяўчыны Махсы Аміні, застаецца некалькі тыдняў. І ўлады вырашылі разгледзець у парламенце новы карны закон, звязаны з нашэннем хіджаба.
Закон прадугледжвае даўжэйшыя тэрміны турэмнага зняволення для жанчын, якія адмаўляюцца насіць чадру. І новыя пакаранні для знакамітасцяў, што парушаюць звязаныя з гэтым правілы. Больш свабоды дадуць толькі штучнаму інтэлекту, які дапамагае выяўляць жанчын, што парушаюць дрэс-код.
![Трамп в суде (снова), а полиция нравов на улицах Ирана (снова) — #ИхНравы](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/social.jpg.webp?itok=3L57mlcC)
Закон яшчэ не прыняты, эксперты лічаць, што гэта папярэджанне іранцам ад урада: маўляў, пратэсты, якія скаланулі краіну год таму, так і не пераканалі ўладу пайсці на перамовы.
А зусім нядаўна паліцыя нораваў Ірана, якая пасля пратэстаў нібыта "адступіла", аднавіла патруляванне вуліц.
Прэзідэнт-закладнік
Зрынуты вайсковай хунтай прэзідэнт Махамед Базум заклікае ЗША і іншыя краіны тэрмінова навесці парадак у Нігеры. Інакш увесь рэгіён Цэнтральнага Сахеля можа аказацца пад уплывам Расіі і ПВК Вагнера.
У сваім закліку, апублікаваным у газеце Washington Post, Базум называе сябе закладнікам і піша, што вайсковая хунта Нігера збіраецца ўзяць прыклад з суседніх Малі і Буркіна-Фасо. Пасля мяцяжоў у гэтых краінах да ўлады прыйшлі адэпты Расіі, якія запрасілі да сябе ў краіны добра вядомых беларусам вагнераўцаў.
![Трамп в суде (снова), а полиция нравов на улицах Ирана (снова) — #ИхНравы](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/Niger.jpg.webp?itok=LJo9RJIV)
Зрынуты 26 ліпеня прэзідэнт заяўляе, што, насуперак сцверджанням вайскоўцаў-путчыстаў, дзякуючы дапамозе ЗША і Францыі жыццё ў Нігеры ў апошнія два гады стала значна бяспечнейшым: вылазкі ісламісцкіх груповак на поўдні, захадзе і поўначы краіны амаль спыніліся.
Махамед Базум — першы прэзідэнт Нігера, які мірна і на дэмакратычных выбарах змяніў папярэдняга лідара краіны ў 2021 годзе.
На мінулым тыдні Альянс краін Заходняй Афрыкі прыгразіў поўнай блакадай Нігера, калі хунта не верне на пасаду зрынутага прэзідэнта. Сенегал заявіў, што гатовы паслаць у Нігер свае войскі, таму што "яшчэ адзін вайсковы пераварот у рэгіёне — гэта ўжо занадта".
Нігер, дзе знаходзяцца вайсковыя базы Францыі і ЗША, — адзін з ключавых саюзнікаў Захаду ў барацьбе з джыхадысцкім экстрэмізмам у Сахелі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.