Вы тут

“Трамп перадаў вялікае прывітанне Лукашэнку і яго дыпламатыі”

Дональд Трамп, фота www.nbcnews.com

Дональд Трамп не хоча, каб перамовы па Данбасе праходзілі ў Мінску. Пра гэта прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў заявіў па выніках перамоў з прэзідэнтам ЗША. Па яго словах, кіраўнікі дзвюх краін прыйшлі да высновы, што “Мінск-1” знаходзіцца ў тупіку, паколькі бакі канфлікту не могуць паразумецца.

На думку дырэктара ўкраінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгена Магды, сёння вялікай розніцы няма, дзе будуць адбывацца сустрэчы Кантактнай групы. І тым больш, няма вялікага адрознення ў гэтым сэнсе паміж Беларуссю і Казахстанам.

Яўген Магда: “Ступень стратэгічнага партнёрства Казахстана і Беларусі з Расіяй аднолькава высокая. І там, і там украінскія перамоўшчыкі будуць адчуваць сябе не зусім упэўнена. Іншая справа, што ў Казахстане не было шпіёнскіх скандалаў з грамадзянамі Украіны ды іншых непрыемных рэчаў у двухбаковых адносінах. Але на самой справе, пляцоўка для перамоў можа быць і ў Вене, і Жэневе ― гэта не прынцыпова. Больш важнае не месца перамоў, а іх вынікі, бо канфлікт на Данбасе далёкі ад урэгулявання, і гэта дастаткова відавочна”.

Цалкам размова з Яўгенам Магдам:

Пераносіць перамовы Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе з Беларусі ў іншую краіну нявыгадна найперш для самой Украіны. Бо ў такім выпадку Мінск будзе мець менш магчымасцяў, каб гарантаваць суседняй краіне недатыкальнасць і бяспеку беларуска-ўкраінскай мяжы. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае кіраўнік Экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман.

Яўген Прэйгерман: “Калі Беларусь пазбавіцца статусу перамоўнай пляцоўкі, то краіне, і гэта цалкам аб’ектыўна, будзе значна цяжэй аргументаваць Расіі, чаму Беларусь для самой Расіі выгадная менавіта як гэтая пляцоўка, а не як плацдарм для расійскіх вайскоўцаў. З улікам усіх тых абавязкаў у сферы абароны і бяспекі, якія паміж нашымі краінамі ёсць”.

На думку палітолага, з улікам таго, што розныя падгрупы Кантактнай групы сустракаюцца ў Мінску фактычна кожны тыдзень, цяжка ўявіць, што той жа рытм сустрэч перамоўшчыкі змогуць захаваць, калі пляцоўку перанясуць у Казахстан.

Да ўсяго, пакуль не вядома, ці зможа Кантактная група нармальна працаваць у далейшым, незалежна ад краіны правядзення яе сустрэч, папярэджвае Яўген Магда.

“Пасля ўхвалення Вярхоўнай Радай закона “Аб рэінтэграцыі Данбаса”, увогуле будзе спроба тарпедавання Мінскага перамоўнага працэсу з боку Расіі і яе сатэлітаў ― так званых сепаратысцкіх рэспублік. Але магчымы перанос перамоўнай пляцоўкі ― гэта вялікае прывітанне Дональда Трампа Аляксандру Лукашэнку і яго дыпламатыі. Беларускі прэзідэнт казаў, што Мінск ператвараецца ледзь не ў другую Жэневу, а аказваецца, што зусім і не ператвараецца”.

Каментуючы словы прэзідэнта ЗША, міністр замежных спраў Беларусі Уладзім Макей сцвярджае, што лаўры міратворца для нашай краіны не галоўныя.Але гэта канфлікт у нашай сям’і, у нашым рэгіёне, і мы кроўна зацікаўленыя ў яго вырашэнні”, кажа беларускі міністр.

Яўген Прэйгерман упэўнены: ад пераносу перамоўнай пляцоўкі ў іншую краіну шмат згубіць не толькі Беларусь.

Яўген Прэйгерман: “Так, у выніку такога пераносу мы страчваем вялікае акно магчымасцяў у сваёй знешняй палітыцы і ў сферы рэгіянальнай бяспекі ― у нас становіцца менш шансаў заставацца на сур’ёзным узроўні па-за межамі гэтага канфлікту. Гэта не азначае, што пасля пераносу Беларусь адразу прымусяць размясціць тут расійскія войскі, базы нейкія ― вядома, не. Больш за тое, гэтая лінія супраць іх размяшчэння на нашай зямлі будзе працягвацца, але, як я ўжо казаў, Беларусь будзе пазбаўленая сур’ёзнага аргумента, і гэта можа скласці вялікія праблемы не толькі для самой Беларусі, але і ўсяго рэгіёна”.

Цалкам размова з Яўгенам Прэйгерманам:

Бліжэйшым часам пераносу перамоўнай пляцоўкі па Данбасе з Мінска не будзе, упэўнены Яўген Магда. У любым выпадку, не ў Казахстан. На думку палітолага, перанос перамоў па ўрэгуляванні найбуйнейшага еўрапейскага канфлікту на тэрыторыю Азіі, як мінімум выглядае недарэчным. І нагадвае, што Злучаныя Штаты, прэзідэнт якіх выказваецца за такі перанос, не з’яўляюцца паўнапраўным ўдзельнікам гэтага перамоўнага працэсу. 

Яўген Магда, фота Змітра Лукашука