Вы тут

Трамп адмяніў сустрэчу з Пуціным з-за падзей у Керчы

Дональд Трамп. Фота: Reuters

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў адмяніць сустрэчу з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным на саміце Вялікай дваццаткі ў Аргенціне. Як перадае Бі-Бі-Сі, такое рашэнне Трамп прыняў пасля азнаямлення з дакладам пра інцыдэнт у Керчанскім праліве.

"Грунтуючыся на тым, што караблі і матросы не былі вернутыя ва Украіну з Расіі, я вырашыў, што для ўсіх бакоў будзе лепш адмяніць маю запланаваную сустрэчу", — напісаў амерыканскі прэзідэнт у сваім акаўнце ў Твітары.

Прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс паведаміла журналістам, што сваё рашэнне пра адмену сустрэчы з Пуціным Трамп прыняў падчас палёту ў Аргенціну пасля кансультацый з дзяржсакратаром Майкам Пампеа, кіраўніком апарата Белага дома Джонам Кэлі і дарадцам па нацбяспецы Джонам Болтанам.

Нагадаем, што 25 лістапада расійскія караблі каля Керчанскага праліва абстралялі два ўкраінскія катэры і буксір. Пры гэтым буксір быў яшчэ ўзяты на таран. Усе 24 украінскія маракі, якія былі на борце караблёў, былі ўзятыя ў палон і арыштаваныя па абвінавачанні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы РФ.