Топ-чыноўнікі ЕС зрабілі заяву: Еўрасаюз застаецца на баку народа Беларусі

Топ-чыноўнікі ЕС зрабілі заяву: Еўрасаюз застаецца на баку народа Беларусі

Высокі прадстаўнік, намесніка старшыні Еўракамісіі Жазэп Барэль і камісар па палітыцы суседства і пашырэнні Олівер Вархеі выступілі з сумеснай заявай па Беларусі. Нагодай для яе стаў Дзень салідарнасці з Беларуссю, які будзе адзначацца 7 лютага.

У заяве згадваецца, што мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах працягваюцца ўжо шэсць месяцаў нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі.

"Працягваецца неправасудны пераслед, у тым ліку сотні задакументаваных выпадкаў катаванняў, у дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, работнікаў СМІ, службоўцаў і прадпрымальнікаў, а таксама многіх студэнтаў, адлічаных з універсітэтаў і пазбаўленых права на адукацыю. Многія тысячы падвергліся затрыманням, сотні пераследуюцца ў крымінальным парадку па сфабрыкаваных абвінавачваннях і пазбаўляюцца права на справядлівае судовае разбіральніцтва", — апісваюць чыноўнікі Еўрасаюза тую сітуацыю, у якой апынулася беларускае грамадства.

Яны дэкларуюць, што ЕС працягне падтрымку беларусаў: "Еўрапейскі саюз працягвае цвёрда стаяць на баку народа Беларусі. Улады павінны прыслухацца да настойлівых заклікаў забяспечыць дэмакратычную будучыню і захаванне фундаментальных свабод і правоў чалавека"

Барэль і Вархеі заклікаюць спыніць гвалт над мірнымі дэманстрантамі, выпусціць усіх адвольна затрыманых (у тым ліку палітвязняў і журналістаў). Усе вінаватыя ў парушэнні правоў чалавека, па словах еўрачыноўнікаў, мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці.

Прадстаўнікі ЕС прапануюць пачаць сапраўдны нацыянальны дыялог і правесці новыя прэзідэнцкія выбары — празрыстыя і вартыя даверу. Гэта, на іх думку, дапаможа развязаць палітычны крызіс у нашай краіне.

"ЕС павялічыў дапамогу народу Беларусі і гатовы падтрымаць дэмакратычную Беларусь рознымі сродкамі, у тым ліку з дапамогай ўсёабдымнага плана эканамічнай падтрымкі", — абяцаюць еўрачыноўнікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі