Топ-5 навін: 21 лютага

Кампанія, якая будуе каля Курапат: Мы маем усе неабходныя дазволы

Каля ўрочышча Курапаты другі дзень працягваюцца пратэсты супраць будаўніцтва пяціпавярховага офіснага будынка. 21 лютага пасля сутычкі актывістаў з будаўнікамі намёт пратэстоўцаў выкідваюць з будаўнічай пляцоўкі. Апоўдні каля будоўлі застаюцца дзяжурыць каля дзесяці актывістаў і некалькі мясцовых жыхароў. Цяпер іх намёт ― за плотам будоўлі. Будаўнікі працуюць, пачынаецца пракладка камунікацый да будучых офісаў…

Фота: twitter.com/svaboda

У Гомелі закончыўся першы ў Беларусі суд па справе "дармаед супраць дзяржавы". Аляксандр Сямёнаў падаў пазоў супраць падатковай інспекцыі. Ён патрабаваў вызваліць яго ад выплаты збору, выдаліць з базы "дармаедаў" яго персанальныя звесткі, а таксама паставіць пытанне аб адпаведнасці дэкрэта №3 Канстытуцыі нашай краіны. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вырашыў, што гэтая справа яму не падсудная.  Днямі Аляксандра Сямёнава нечакана выклікалі ў гарвыканкам, дзе паведамілі, што ён вызвалены ад выплаты збору.

Фота Алеся Пілецкага

На судзе над Уладам Казакевічам, які ўчыніў бойню бензапілой у гандлёвым цэнтры «Еўропа», як сведка выступіў лекар, які аднойчы кансультаваў падсуднага як пацыента псіхіятрычнай лякарні ў Навінках.

Па словах лекара, Казакевічу паставілі дыягназ "умерана дэпрэсіўны эпізод" і "шызоідны разлад асобы". Таксама ён узгадаў, быццам хлопец рабіў дзве спробы суіцыду. Пры супадзенні такіх дыягназаў, дадаў лекар, ёсць верагоднасць паўтору суіцыдаў.

Фота: Еўрарадыё

На філалагічным факультэце БДУ распачаўся тыдзень беларускай мовы. На свяце ў Дзень роднай мовы выступілі не толькі дэкан факультэта Іван Роўда, паэт Навум Гальпяровіч, але і беларускамоўная госця з Японіі Сіёры Кіёсава. Сіёры — аспірантка Цукубскага ўніверсітэта, якая два гады вывучала беларускую мову ў БДУ. Цяпер выкладае беларускую мову ў японскім універсітэце. Падчас свайго выступу перад студэнтамі філфака Сіёрэ прачытала ўрывак верша Рыгора Барадуліна і распавяла, чаму беларуская мова стала для яе такой жа роднай, як і японская.

З нагоды дня роднай мовы госцем Еўрарадыё стала іншая замежніца іспанка Анхела Эспіноса, якая самастойна вывучыла беларускую мову. Цяпер Анхела не толькі размаўляе па-беларуску, але і піша вершы на беларускай мове.   Яна скончыла “Славянскую філалогію” ў Гранадскім універсітэце, зараз вучыцца ў магістратуры на кафедры Беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.  

Фота: Wallpapers4u.Org

У бліжэйшыя дні ў Беларусі пацяплее. Сіноптыкі кажуць, што надвор'е, якое ўсталёўваецца на нашай тэрыторыі, характэрнае для сакавіка. У пятніцу тэрыторыя Беларусі апынецца пад уплывам яшчэ цёплых, але вільготных паветраных мас. Гэта будзе найцяплейшы дзень на гэтым тыдні.