Толькі Еўрарадыё з беларускіх СМІ атрымала акрэдытацыю на сербскі Exit Festival

Еўрарадыё — адзінае беларускае СМІ, якое атрымала акрэдытацыю на найбуйнейшы сербскі Exit Festival з хэд-лайнэрамі сусветнай славы. Exit Festival — чатырохдзённы музычны фестываль, ладзіцца штогод у сербскім горадзе Новы Сад, у Петраварадзінскай крэпасці XVIII ст., якая ўзвышаецца над Дунаем.

Упершыню фестываль арганізавалі ў 2000 годзе некалькі сербскіх студэнтаў. Ён меўся стаць альтэрнатывай, своеасаблівым выйсцем для сербскай моладзі, якая падчас рэжыму Слабадана Мілошавіча апынулася ў культурным вакуўме. Адсюль і назва фэсту - Exit (анг.Exit - выхад). Усяго за некалькі год Exit Festival стаў вялікім і прызнаным музычным фестывалем, на які штогод прыязджаюць меламаны з усёй Еўропы.

Сёлета Еўрарадыё едзе на фэст, каб адкрыць яшчэ адно крутое месца для культурнага адпачынку! У Сербію выправілася Міла Котка — нашая зацятая фестывальная тусоўшчыца.
Вось што яна распавяла Галляшу Валынцу а 12.18, 13 ліпеня, у пятніцу, стоячы пад мурамі Петраварадзінскай крэпасці.

Частка 1
Галляш Валынец: "Exit Festival зачыніўся да 16.00. Нашая карэспандэнтка Міла Котка доўга стаяла ў чарзе, каб памыцца. І вось мы з ёй, чыстай і памытай, пагаворым пра тое, што было ўчора на фэсце, што чакаецца сёння і ўвогуле — як там што. Здароў, Міла!"

Міла Котка: "Прывітанне, Галляш. На самой справе тут увогуле супер, настрой суперскі, і я яго хачу перадаць нашым слухачам, і табе, натуральна, Галляш!"

Г.В.: "Ну і дзе гэты фэст, як пляцоўка? Як слухачы, як выступоўцы?"

М.К.: "Яшчэ б дзесяць пытанняў на раз задаў! Учора я спрабавала распавесці пра фэст Дзянісу Дзюбу, які быў у эфіры, але не надта выйшла, бо я стаяла ў вельмі дынамічнай чарзе."

Г.В.: "Што за чарга?"

М.К.: "Ну, людзі з усяго свету прыехалі на фэст у Новы Сад, і на вакзале ўтварылася чарга, едуць з намётамі, заплечнікамі і доўгімі шэрагамі маршуюць на фэст, праз Дунай, праз горад, да Петраварадзінскай крэпасці. Тыя, хто бачыў Берасцейскую крэпасць -- не браму з савецкаю зоркаю, а менавіта фарты -- можа ўявіць і фарты Петраварадзінскай крэпасці. А ўваход у крэпасць велічны — праз доўгі мост, крэпасць знаходзіцца на выспе, сярод Дунаю, на ўзвышшы."

Г.В.: "Нешта слаба чую цябе."

М.К.: "Фестываль глушыць. Сама музыка пачнецца а 16-й, але тут поўна людзей, вельмі прыўзнятыя, нязмушаныя. А 16-й можна будзе з намётавага мястэчка пайсці на фэст, там адна галоўная пляцоўка і не менш за 7 дадатковых, досыць вялікіх. Наведнікаў пускаюць да 3 гадзінаў ночы, і да 11-й ранку ты можаш весяліцца - канцэрты, перформансы і іншыя рэчы. Ад 11 да 16 усіх ветліва просяць з фэсту, з крэпасці, і тыя, хто жыве ў намётавым мястэчку, па мосце пераходзяць праз Дунай да свайго жытла. Пад кэмп тут аддалі ўвесь парк: гэта выглядае так, як бы ў Мінску ўвесь парк Горкага аддалі пад намёты."

Г.В.: "Немаленькае мястэчка?"

М.К.: "Ох, немаленькае, і ніводнага месца пад кэмпінг не засталося. Я толькі дзякуючы сваёй шырокай усмешцы і прыемным вачам, а яшчэ таму, што сербы — файныя людзі і стараюцца дапамагчы, знайшла сабе месца — два на два — паставіла свой намёт і цудоўна выспалася."

Г.В.: "Добра, Міла, давай цяпер перарвемся на песню, а потым працягнем размову. Fort Minor, Believe me."

Міла: "Учора ахоўнік шапнуў мне, што на Exit Festival вельмі шмат беларусаў, я пайду шукаць іх. "

Гальляш Валынец: "Посьпехаў і да сувязі!"

Частка 2
Галляш Валынец: "Вітаю ўсіх, хто з Еўрарадыё. З вамі Галляш Валынец. Нагадаю, што мы на сувязі зь Мілай Коткай, якая цяпер на Exit Festival’і ў Сербіі. Яна ўжо распавяла пра тое, што вакол фэсту, дзе яна ставіла намёт, як яна мылася, а цяпер наша заданне — паслухаць пра сам фэст. Міла, давай? Алё, Міла?"

Міла Котка: "Ну алё, зноў прывітанне, гэта я тут крышачку заслухалася музыкі."

Г.В.: "Чую, што побач з табою і ў футбол пачалі гуляць."

М.К.: "Праўда, пачалі, і я адбягу зараз у больш бяспечнае месца, каб мячом не заехалі. Але так, пра музыку. У нас што на Еўрарадыё грала? Fort Minor, Believe me? Дык вось, гэта вельмі ў тэму. Fort — бо тут крэпасць, а ўчора запальвалі тыя, хто многія гады грае, хто даўно на сцэне, "зубры", так бы мовіць — The Prodigy. Некаторыя думаюць, што яны даўно здохлі — дык вось, гэта далёка ня так. Я іх бачыла на Sziged-фестывалі ў Вугоршчыне, там на іх натоўпы хадзілі, і тут яшчэ болей. Не ведаю, можа быць, таму што тут гэта відовішча на галоўнай сцэне, народу больш улазіць, чым на Szіged або Heinecken Open’er фэсце ў Польшчы..."

Г.В.: "Кагосьці панесла так, што не спыніць, ні стрымаць. Ты лепей раскажы не пра тое, дзе болей ці меней людзей было, а хто ўчора выступаў, хто сёння будзе."

М.К.: "Ну, слухай. Учора на The Prodigy ледзь прабілася праз тлумы да галоўнай сцэны і ўражаная, як тут усё добра араганізавана. Пасярод натоўпу стаяць чатыры вялізныя маніторы, і добра відаць усё, што адбываецца на пляцоўцы. Працуе прафесійная здымачная група, якая здымае фестывалі: камеры на штатывах, на роліках катаюцца, не кожны фестываль гэта сабе можа дазволіць — такую тэхніку, такіх людзей. Пад The Prodigy ўсе страшна адрываліся, так ужо танчылі, пасля іх прыйшоў гурт Armada. Вельмі цікава было паглядзець, таму што на Heinecken Open’er фэсце я іх пракапялюшыла, таму што быў дождж..."

Г.В.: "Ой, ці сапраўды таму, што быў дождж?"

М.К.: "Ну, сапраўды таму што быў дождж. Слухаць брытанскіую электроншчыну пад дождж было б кісла, а тут, на Exit, сонца не паліла, але сквар такі, і ўсе прыйшлі паглядзець на Армаду. І яны не падвялі, гралі вельмі добра, а тут яшчэ і гук выдатны, брытанскія электроншчыкі пры выдатным гуку — гэта нешта! Пасля Армады, не буду хаваць, я пайшла шукаць намёт. Але сёння я буду на фэсце ад 16-й і да ўпору, да перамогі."

Г.В.: "А пад каго ты там будзеш трымацца й перамагаць?"

М.К.: "А памятаеш, Галляш, мы з табой у “Зубры” выкапалі такі гурт, называецца Cansei de Ser Sexy..."

Г.В.: "Як жа можна забыцца пра такую назву! Натуральна памятаю."

М.К.: "Ну, гэта дзяўчаты з Бразіліі, якія граюць такую сумесь — трохі панк, электроншчыну, рок, хаўс. Яны выйдуць а 22.30 па сербскім часе, а пасля іх хто? Ну, вядома, Beasty Boys, якія, думаю, запаляць тусоўку."

Г.В.: "Ну, Beasty Boys будуць а 12-й, і мы яшчэ будзем з табой звязвацца цягам дня, Міла, каб ты сабрала й распавяла нам яшчэ цікавых рэчаў пра фэст."

Гэта была Міла Котка, карэспандэнтка Еўрарадыё на Exit Festival у Сербіі. Падрабязнасці пра фэст на www.exitfest.org, а гарачых бразільянак з CSS можна пабачыць на http://www.youtube.com/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі