Толькі 2% беларусаў гатовыя ўступаць у шлюб з чалавекам з псіхічнымі парушэннямі

Офіс па правах людзей з інваліднасцю прэзентаваў даследаванне лабараторыі “Новак” пра адносіны да людзей с псіхічнымі парушэннямі ў Беларусі.

Паводле даследавання, 49% беларусаў гатовыя падтрымліваць з такімі людзьмі сяброўскія адносіны, 35% гатовыя быць з імі суседзямі, 16% — калегамі па працы і толькі 2% гатовыя будаваць з такім чалавекам сям’ю.

На думку каардынатара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага, на адносіны да людзей з псіхічнымі парушэннямі ўплываюць стэрэатыпы.

Сяргей Драздоўскі: “Людзі, на якіх больш уплываюць стэрэатыпы, іх адносіны будуць да такіх людзей горшымі. Важны ход — пашырэнне больш рэальнай інфармацыі і больш рэальнага разумення праблем такіх людзей. І мусіць быць больш выразная палітыка дзяржавы, якая скіраваная на самастойнае пражыванне такіх людзей, на пашырэнне іх правоў і магчымасцяў”.

51% апытаных беларусаў лічаць, што для людзей з псіхічнымі праблемамі трэба ствараць умовы для нармальнага жыцця і працы, але 43% лічаць, што такіх людзей трэба накіроўваць у спецыялізаваныя комплексы і службы.

На думку 45% апытаных, навучанне ў звычайнай школе шкоднае для дзяцей з псіхічнымі парушэннямі, 33% апытаных лічаць, што гэта шкодна для іншых дзяцей.

29% апытаных наогул не хацелі б будаваць хоць нейкія адносіны з людзьмі, якія маюць псіхічныя парушэнні.