Толькі 0,06% апазіцыянераў будзе ў складзе выбарчых камісій

47 прадстаўнікоў апазіцыйных партый і арганізацый трапілі ў склад участковых выбарчых камісій. Гэта 0,06% ад агульнай колькасці членаў выбаркамаў, якіх налічваецца амаль 70 тысяч чалавек. Яшчэ 118 чалавек прайшлі ў склад камісій ад прадзяржаўных партый. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

“Аграрная партыя — 1 чалавек, БСДП (Г) — 3 чалавекі, КПБ — 116, АГП — 7, Партыя БНФ — 4, ПКБ — 29, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 1”.

Яшчэ 4 апазіцыянеры трапілі ў склад камісій ад Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” супраць 9 тысяч 28 прадстаўнікоў прадзяржаўных грамадскіх арганізацый.

Каментуючы такія вынікі, Лазавік адзначыў, што большасць прадстаўнікоў партый не трапілі ў камісіі, таму што не пражываюць на тэрыторыі сваёй акругі. З іншага боку, паводле яго слоў, органы, якія ўтвараюць камісіі, маглі б быць больш лаяльнымі да партыйцаў.

“Райвыканкамы і мясцовыя адміністрацыі маглі б уключыць у склад выбарчых камісій больш прадстаўнікоў партый. Хаця б для таго, каб даць палітычным партыям больш магчымасцяў удзельнічаць у выбарчым працэсе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі