Тэрэза Мэй гатовая мяняць законы аб правах чалавека для барацьбы з тэрарызмам

Тэрэза Мэй гатовая мяняць законы аб правах чалавека для барацьбы з тэрарызмам

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што гатовая змяніць законы аб абароне правоў чалавека, калі яны ўстануць на шляху барацьбы з тэрарызмам, перадае Бі-Бі-Сі

Па яе словах, гаворка ідзе пра тое, каб павялічыць тэрмін турэмнага зняволення асуджаным за тэрарызм і спрасціць дэпартацыю замежнікаў, падазраваных у тэрарызме. "І калі нашы законы аб правах чалавека ўстануць на нашым шляху, мы зменім законы", — дадае прэм'ер-міністр.

У каментары СМІ Мэй таксама паведаміла, што разгледзіць магчымасць павялічыць час утрымання пад вартай падазраваных — да 28 дзён без прад'яўлення абвінавачванняў. У 2011 годзе гэты тэрмін быў скарочаны да 14 дзён.

Брытанская апазіцыя раскрытыкавала меры, прапанаваныя прэм'ер-міністрам. Лідар лейбарыстаў Джэрэмі Корбін заявіў, што трэба спыніць скарачэнні ў паліцыі, пачатыя кансерватарамі, і вылучыць больш сродкаў для паліцыі ды службаў бяспекі, каб абараніць дэмакратычныя каштоўнасці, у тым ліку законы аб абароне правоў чалавека.

Лідэр ліберальных дэмакратаў Цім Фэран абвінаваціў прэм'ер-міністра ў запуску "гонкі ядзерных узбраенняў" у адносінах да законаў аб тэрарызме.

Ад пачатку года ў Вялікабрытаніі адбылося некалькі тэрактаў. Увечары 3 чэрвеня аўтамабіль урэзаўся ў натоўп на Лонданскім мосце. З машыны выскачылі тры чалавекі, узброеныя нажамі, і напалі на мінакоў. У выніку тэракту загінулі сем чалавек, 48 атрымалі раненні.

22 траўня ў Манчэстары смяротнік зладзіў выбух у канцэртнай зале: 22 чалавекі загінулі, яшчэ 116 былі параненыя.

22 сакавіка брытанскі грамадзянін Халід Масуд накіраваў свой аўтамабіль на мінакоў на Вестмінстэрскім мосце. У выніку тэракта чатыры чалавекі загінулі. Пасля гэтага кіроўца накінуўся з нажом на паліцыянта Кіта Палмера, які памёр ад атрыманых ранаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі