Вы тут

Тэнісістка Марыя Шарапава абвясціла пра завяршэнне кар'еры

Марыя Шарапава / Reuters

32-гадовая расійская тэнісістка Марыя Шарапава ў сераду абвясціла, што завяршае спартовую кар'еру. 

Бацькі Шарапавай — родам з Гомеля. За некалькі месяцаў да нараджэння дачкі яны пераехалі ў Сібір: гэты пераезд быў звязаны з пагаршэннем экалагічнай абстаноўкі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 

За сваю спартовую кар'еру Шарапава пабыла першай ракеткай свету, выйграла пяць турніраў Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе ў 2004-2014 гадах. Шарапава стала адной з дзесяці жанчын у гісторыі, якія заваявалі так званы "кар'ерны шлем" (выйграла ўсе турніры Вялікага шлема, але ў розныя гады).

У спартовай скарбонцы тэнісісткі — перамога на 39 турнірах WTA (36 — у адзіночным разрадзе), перамога на Выніковым чэмпіянаце WTA 2004 года ў адзіночным разрадзе.

Па стане на 20 студзеня 2020 года Шарапава займала 145-ы радок у рэйтынгу WTA.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.