Тэлеканал АНТ адказаў на звароты з нагоды сюжэтаў пра Віктара Бабарыку

Тэлеканал АНТ адказаў на звароты з нагоды сюжэтаў пра Віктара Бабарыку

Тэлеканал АНТ адказаў на звароты з нагоды выхаду сюжэтаў пра Віктара Бабарыку і "справу Белгазпрамбанка". Паведамляецца, што канал атрымаў 277 аднатыповых зваротаў.

Пасля затрымання Віктара Бабарыкі, які вылучаўся на прэзідэнцкую пасаду, на тэлеканале АНТ выйшлі некалькі сюжэтаў, прысвечаных "справе Белгазпрамбанка". Хаця расследаванне яшчэ не завершанае, у сюжэтах пра Бабарыку і іншых затрыманых гаварылі так, быццам іх віна ўжо даказаная ў судзе. 

17 ліпеня прадстаўніцы аб'яднанага выбарнага штаба Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала падалі зварот у АНТ. Яны палічылі, што выхад такіх сюжэтаў у тэлеэфір парушае Канстытуцыю і закон аб СМІ. Следам за імі такія ж звароты падалі і іншыя прыхільнікі Бабарыкі. 

У сваім адказе ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" заявіў, што згодна з законам аб СМІ ён самастойна вызначае тэмы для асвятлення на тэлеканале АНТ. 

А потым кіраўніцтва тэлеканала пераклала адказнасць за названыя сюжэты на дзяржаўныя органы, якія далі інфармацыю:

"Звяртаем увагу, што, згодна з арт. 52 Закона, журналіст, заснавальнік, галоўны рэдактар сродка масавай інфармацыі і юрыдычная асоба, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, не нясуць адказнасці за распаўсюд звестак, калі гэтыя звесткі атрыманыя ад дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый, іх службовых асоб, а таксама змяшчаюцца ў афіцыйных інфармацыйных паведамленнях і (або) матэрыялах і / або з'яўляюцца даслоўным узнаўленнем афіцыйных выступаў службовых асоб дзяржаўных органаў", — заявілі на АНТ.

Расследаваннем "справы Белгазпрамбанка" займаецца Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю пры падтрымцы КДБ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі