Таямніца смерці Купалы можа раскрыцца ў 2017 годзе

У Польшчы адбылася эксгумацыя цела генерала Сікорскага. Эксперты спрабуюць высветліць абставіны трагічнай гібелі вядомага польскага палітыка і военачальніка. Еўрарадыё паспрабавала высветліць, што робяць у Беларусі, каб раскрыць таямніцу смерці Янкі Купалы.
Вынікі эксгумацыі рэшткаў генерала Сікорскага будуць абвешчаныя праз месяц. Нагадаем, ён загінуў 4 ліпеня 1943 года недалёка ад Гібралтару падчас авіякатастрофы. Пасля пачалі з’яўляцца звесткі, што старшыню польскага эміграцыйнага ўраду ў Лондане забілі яшчэ ў Гібралтары, а ў самалёт паклалі ягонае цела.

Паводле адной з версій, гэта быў загад брытанскага ўраду, які хацеў перашкодзіць генералу Сікорскаму сапсаваць адносіны з Савецкім Саюзам і прадухіліць развал антыгітлераўскай кааліцыі.

Абставіны гібелі народнага паэта Беларусi Янкi Купалы і сёння застаюцца таямніцай. Супрацоўніца Дзяржаўнага лiтаратурнага музею імя Янкi Купалы Глафiра Кушаль кажа, што пытаннем павінна зацікавіцца дзяржава. А магчыма, і сам прэзідэнт:

“Гэта на ўзроўні дзяржавы трэба рабіць. Наш музей яшчэ ў 98-м годзе рабіў запыт у федэральную службу бяспекі Расіі, якія ў іх ёсць матэрыялы наконт смерці Янкі Купалы. І нам прыслалі такую даведачку, якая была ўжо ў друку раней. Новага яны нам нічога не сказалі”.

Паводле слоў спадарыні Кушаль, музей звяртаўся і ў прэзідэнцкі архіў Расіі. Але там ім адмовілі:

“Параілі звярнуцца, тады яшчэ быў прэзідэнтам Пуцін, у прэзідэнцкі архіў. Але нам сказалі, што музей не мае права звяртацца ў прэзідэнцкі архіў. Гэта прэрагатыва дзяржавы, павінна рабіцца на дзяржаўным узроўні. Я так разумею, што гэта прэзідэнт, калі гэта прэзідэнцкі архіў...

Сказалі так – на дзяржаўным узроўні! Як быццам бы музей – гэта такая нязначная установа, якая не мае права звяртацца ў прэзідэнцкі архіў...”.

Апроч іншага, у 2007 годзе ў музеі былі ўведзеныя ў экспазіцыі фрагменты інтэр’еру гасцініцы “Масква” і пакою, у якім жыў Янка Купала.

Глафiра Кушаль: “Калі яе зносілі, так атрымалася, што я туды выязджала. Мяне туды камандзіравалі. Нават да парэнчаў падыходзіла, прымяралася...”.

Сама супрацоўніца музею прытрымліваецца версіі, што народнага паэта скінулі з лесвіцы. Але пакуль дзяржава ў раскрыцці таямніцы не зацікаўленая, даведацца штосьці дакладнае цяжка. Магчыма, давядзецца чакаць ажно 2017 года, калі з дакументаў будзе зняты грыф сакрэтнасці:

“Дакументы захоўваюцца 75 год, пасля могуць быць раскрытыя. Вось і лічыце – 42+75. Гэта будзе 2017 год. Але тут трэба глядзець на нашу дзяржаўную сітуацыю...”.


Фота:
www.luvre.land.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі