Таксовец, пацярпелы ў аварыі з удзелам ДАІ, дамогся кампенсацыі ад міліцыі

Таксовец, пацярпелы ў аварыі з удзелам ДАІ, дамогся кампенсацыі ад міліцыі

Суд Маскоўскага раёна Брэста 12 снежня задаволіў грамадзянскі пазоў Дзмітрыя Муцы і прысудзіў яму кампенсацыю маральнай шкоды, прычыненай ў выніку ДТЗ са службовым аўтамабілем ДАІ, піша TUT.by. Паводле рашэння суда, УУС павінна выплаціць брастаўчаніну 6000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды плюс выдаткі на адваката — яшчэ 1125 рублёў.

Рашэнне не набыло законную моц і можа быць абскарджана бакамі.

ДТЗ, у якім пацярпеў таксовец, адбылося 16 сакавіка на праспекце Рэспублікі ў Брэсце. Муца ехаў на зялёнае святло, калі ў правы бок яго аўтамабіля ўрэзалася патрульная машына ДАІ з уключанымі маячкамі.

Як казала жонка таксоўца Таццяна, маячкі на міліцэйскай машыне былі ўключаныя непасрэдна перад сутыкненнем. Адпаведны ролік яна апублікавала ў сацсетках. 

Таксовец пры аварыі атрымаў удар галаўнога мозгу, закрытую чэрапна-мазгавую траўму, гематомы. Яго шпіталізавалі ў нейрахірургічнае аддзяленне. Агулам Муца правёў у лякарні 21 дзень. Эксперт палічыў атрыманыя траўмы менш цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.

Праверкай па факце ДТЗ займаўся Следчы камітэт. Следчыя высветлілі, што таксовец тэхнічна не меў магчымасці пазбегнуць сутыкнення. Вінаватым у здарэнні следчыя палічылі кіроўцу міліцэйскай машыны, які не забяспечыў бяспеку дарожнага руху. 

Такім чынам, у дзеяннях інспектара ёсць прыкметы крымінальнага злачынства — парушэнне ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Але крымінальную справу на яго не пачыналі: па гэтым артыкуле справу пачынае не следчы ці пракурор, а толькі па скарзе пацярпелага. Пацярпелы таксовец з такой заявай у суд пакуль не звяртаўся.

Таксовец, пацярпелы ў аварыі з удзелам ДАІ, дамогся кампенсацыі ад міліцыі
Пацярпелы ў ДТЗ таксовец Дзмітрый Муца / TUT.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі