Таццяна Беланогая: Я потым буду адказваць за тое, што праспявала

Таццяна Беланогая, беларуская бардэса, аўтарка 5 альбомаў, выкладчыца геаграфіі і англійскай мовы, завітала да нас акурат пасля свайго Дня нараджэння.

Еўрарадыё: Таццяна, нядаўна вам споўнілася 30 гадоў! Ці вызначыліся ўжо з планамі на наступную пяцігодку?

Таццяна Беланогая: Я яшчэ, сумленна кажучы, не планавала пяцігодку. Але ў мяне з’явілася традыцыя планаваць год і вылучаць сферы жыцця, на якія я хачу зрабіць упор і дзе я хачу нешта падкарэктаваць. Напрыклад, я раздзяляю сваё жыццё на восем сегментаў: здароўе, знешні выгляд (для жанчыны гэта вельмі важна), адпачынак і г.д. – на такія простыя рэчы, на якія можна звяртаць увагу, а можна думаць, што само сабой неяк будзе. А калі ўсё ж звяртаеш увагу і акцэнтуеш на тым ці іншым сігменце, усё адбываецца больш эфектыўна. Таму сёлета я вырашыла звярнуць увагу менавіта на сябе (смяецца). Я інтэнсіўна працую і часам забываю пра сябе. Тым больш з узростам прыходзіць разуменне, што ўсё ў жыцці ўзаемазвязана - духоўны свет чалавека не можа быць у фізічна-хворым целе. Сінтэз гэтых ведаў прывёў мяне да таго, што трэба думаць пра рознае – не толькі пра духоўнасць і душу: фізічны і матэрыяльны аспекты таксама важныя. Раней я думала, што ўсё гэта мае пэўную вагу, але зараз разумею, што ўсё гэта трэба разумна спалучаць.

Еўрарадыё: Наколькі вы як жанчына, спявачка, арганічна адчуваеце сябе ў гэтым узросце?

Таццяна Беланогая: Я пра ўзрост ніколі не задумвалася. Маці кажа: “Таня, ты нарадзілася такой сур’ёзнай! Гляжу – такая сур’ёзная” (смяецца). Узрост усё ж ідзе за светаадчуваннем. Я ведаю жанчын каля 55-ці, з якімі мне вельмі цікава, і я часам прыходжу да высновы, што мне цікавей з людзьмі, якія маюць жыццёвы досвед. Яны ведаюць, як правільна, як лепш, то бок яны маюць багаж ведаў, і гэта тычыцца найбольш людзей, у якіх было цяжкае жыццё. У свой час яны не задумваліся пра Бога і пра высокія матэрыі, але потым нешта адбываецца і яны пачынаюць верыць у Бога, прыходзяць да духоўных высноў. Вось менавіта за гэты пералом мяне і цікавяць гэтыя людзі. Яны для мне цуд. Ну і, канечне, мне цікава з маімі сябрамі-аднагодкамі, якія мяне падтрымліваюць.

Еўрарадыё: Чым ганарыцеся ў свае 30? Што дакладна, стоадсоткава дасягнута вамі?

Таццяна Беланогая: Самае вялікае дасягненне, гэта тое, што я дагэтуль займаюся музыкай. Таму што былі моманты, калі я думала, што ўсё, хопіць, не хачу. Аднойчы я сустрэла дзяўчыну, якая пайшла ў мінулым годзе з жыцця, Кацюша Безмацерных, цудоўная журналістка. Мы пачалі размаўляць, а яна кажа: “Таня, я чакаю твой альбом”. І калі яна гэта сказала, мне захацелася зноў паспрабаваць. Я нешта пераламала ў сабе. І гэта я лічу дасягненнем. Я ведаю, што трэба расці, займацца, развівацца, удасканальваць вакальныя і музычныя здольнасці і ствараць больш ажурную музыку, у сэнсе, аздабляць іншымі інструментамі. Трэба развівацца ў плане артыстычным, таму што музыка – гэта драматычны твор. Кожная песня – гэта драматычны твор. І кожнае слова нясе ў сабе пэўную нагрузку. Жыццё цікавае тым, што я бяру адказнасць за кожны верш, за кожнае слова. Я потым буду адказваць за тое, што я праспявала. І я прашу прадстаўнікоў творчых прафесій падыходзіць адказна да таго, што яны прамаўляюць у прастору. За намі ідуць людзі. Я шмат выступаю ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі” у школах, дзіцячык летніках, і я бачу моладзь. Часам мне хочацца проста плакаць ад таго, што з дзецьмі мала працуюць. А з імі трэба працаваць! Ім патрэбны не шаблоны, ім патрэбны настаўнікі. Таму музыкі, рэжысёры – мы настаўнікі для дзяцей. Мы адказныя за кожнае слова, кожны мэсэдж, які пасылаем.

Еўрарадыё: У час высокіх тэхналогій, якія кранулі і музыку, барды выглядаюць такімі чыстымі і светлымі анёламі з гітарай. Чаму вы верныя гэтай плыні? Чаму не схапіліся за гурт, каб працаваць больш гучна?

Таццяна Беланогая: У мяне ёсць практыка супрацоўніцтва з гуртом – гэта альбом “Двухкроп’е”, запісаны пасля перамогі на польскім конкурсе OPPA. Над ім працавалі нашы цудоўныя беларускія музыкі – Юлія Глушыцкая, Карэн Карапецян, якім я вельмі ўдзячная за супрацу. Канечне, музыка зусім па-іншаму слухаецца. Яна набывае столькі паверхаў, выбудоўваецца такі дом! Проста песня, дзе гучыць голас з гітарай, непараўнальная з творам, які ствараецца пры апрацоўцы. Яна ні лепшая, ні горшая, яна іншая. Немагчыма параўнаць два будынкі, два чалавекі. Яны розныя, як і творы мастацтва. Першая прычына, чаму я выступаю з гітарай – гэта адсутнасць матэрыяльнай базы і часу. Канечне, мне б хацелася граць з гуртом. Я зараз рэпетую і часам граю ў дуэце з музыкам. Натуральна, што ўсё залежыць ад мяне. Але, напэўна, пакуль я не знайшла ў сабе моцных жаданняў гучаць больш гучна. Канечне, хацелася б знайсці аднадумцаў. Бо для мяне вельмі важная асоба.

Еўрарадыё: Некаторыя фэны Паліны Рэспублікі лічаць, што ейныя эксперыменты з гуртом не такія ўдалыя, як дуэт з гітарай? Маўляў, песні губляюць разынку...

Таццяна Беланогая: Тут такая тонкая мяжа! Часам, калі навешаць на чалавека ўпрыгожанняў, можна яго сапсаваць. Варта заставацца сабой і абапірацца на сябе. Для аўтарскай музыкі гэта вельмі важна, бо тут галоўнае слова. А наогул слова, мова – гэта і ёсць душа. Вось гэта калі ты прыходзіш у храм – там усё вельмі проста і спакойна. Вось аўтарская музыка падобна да такой медытацыі. Ты разумееш слова. Таму да апрацоўкі трэба вельмі акуратна падыходзіць.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да папулярнасці Паліны Рэспублікі і новай хвалі аўтарскай музыкі?

Таццяна Беланогая: Вельмі добра стаўлюся і лічу, што трэба развіваць такі накірунак. Кожнае пакаленне мае свой свет. Я маю свой свет. У Паліны – свой. У Паліны стаіць задача для свайго пакалення. Гэта нармальна. І я стаўлюся вельмі добра, калі ў кожнага пакалення ёсць свае героі. І стаўлюся вельмі добра да Паліны. Жадаю, каб у яе ўсё атрымоўвалася, яна развівалася і шла менавіта сваім шляхам. Яна ж таксама сябе шукае!

Еўрарадыё: У мінулым годзе выйшаў ваш апошні альбом "Святло і цені". Як змянілася лірыка ў ім у параўнанні з папярэднімі пласцінкамі? Што зараз ўплывае на вас, на вашу творчасць?

Таццяна Беланогая: Пласцінка выйшла ў 2013 годзе. Запісвалася яна цягам 2 гадоў. А марыла я яго запісаць яшчэ за два гады да гэтага. А песні для яго былі запісаныя яшчэ за два гады да мараў (смяецца). То бок для таго, каб нешта адбылося, мне патрэбны не адзін год “раскруткі”. І гэта нармальна. У альбом увайшлі песні, напісаныя апошнім часам і яшчэ раней. То бок тут прадстаўлена старая канцэпцыя светапогляду і новая. Зараз мяне, як любога і нармальнага прадстаўніка творчай інтэлігенцыі, які думае пра лёс краіны і народа, як бы гэта пафасна нi гучала, турбуе захаванне беларускіх традыцый і перш за ўсё мовы. Мова – гэта падмурак нашай культуры. Таму альбом, канечне, на беларускай мове. Таксама тут закранаюцца тэмы духоўнага плану, напрыклад, песня “Там за акіянам” распявядае пра водападзел, які адбываецца ў душы чалавека. Ёсць песня “Анёлы”, дзе я кажу пра Бога: “Божа, абарані нас ад саміх сябе дурных, ад саміх сябе злых”. Бог – гэта сіла, якая мусіць нас абараніць. Але ў той жа час, я так думаю, мы мусім абапірацца на сваё “я”. І альбом распавядае пра гэтую барацьбу – як захаваць сябе, і ў той жа час не трапіць у пастку маніпуляцый злых сіл, таму што ў жыцці вельмі шмат неадназначнага.

Яшчэ для мяне гэты альбом стаў чарговы раз пошукам дабра і зла. У ім ёсць песні пра духоўныя рэчы, душу, сацыяльныя пытанні. Я думаю, што для таго, каб слухаць песні любога аўтара, трэба быць падрыхтаваным. Я даю слухаць свой альбом розным людзям. І розныя людзі з рознымі ведамі пабудовы свету чуюць па-рознаму мае песні. Хрысціяне чуюць у маіх песнях хрысціянскія матывы. Змагары-патрыёты – толькі тое, што іх хвалюе, астатняе для іх проста закрыта. І гэта такі цуд – бачыць людзей праз слова, як яны на яго рэагуюць.

Еўрарадыё: Хто тыя людзі, якія зараз слухаюць аўтарскую песню? Хто ходзіць на вашыя канцэрты?

Таццяна Беланогая: Мае сябры ходзяць на мае канцэрты (смяецца). Апошнім часам я мала выступаю. А для таго, каб цябе ведалі, трэба працаваць, быць на слыху, трэба быць заўсёды жывым! А ў мяне атрымліваецца выдаваць альбомы раз на тры гады (смяецца). Выступаю я ў межах кампаніі “Будзьма” па школах, дзе маімі слухачамі становяцца школьнікі. Ходзяць на мае выступы студэнты і людзі, абазнаныя ў маёй творчасці.

Еўрарадыё: Цікава, як рэагуюць школьнікі на вашыя песні?

Таццяна Беланогая: Я абажаю працаваць з дзецьмі! Я прыходжу ў аўдыторыю, пачынаю спяваць песні, думаючы, што яны нічога не разумеюць! Але адчуваю ад іх настолкі моцную пазітыўную энергетыку, што выходжу ад іх акрыленай. У мяне ёсць песні пра каханне, пра нешчаслівае каханне, што актуальна для 16-17-гадовых – я трапляю ў тыя кропачкі (смяецца).

Еўрарадыё: Якую ролю грае зараз аўтарская песня? Што яна нясе грамадству?

Таццяна Беланогая: Музыка – гэта асоба і гэта голас пакалення. Выканаўцы аўтарскай музыкі адрозніваюцца ад прадстаўнікоў іншых музычных сфер. Гэта абазнаныя і начытаныя людзі, што мяне вельмі радуе (смяецца). З імі ёсць пра што паразмаўляць. Яны неабыякава ставяцца да эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага жыцця ў свеце. Гэта такія гісторыкі-географы па сваёй сутнасці. Гэта людзі, якія думаюць. Магчыма, у мяне ўзнік гэты вобраз праз ружовыя акуляры, але з прадстаўнікамі бардаўскай песні Беларусі – Змітром Бартосікам, Эдуардам Акуліным, Алесем Камоцкім, Аляксеем Галічам – я ўпэўнена, з гэтымі людзьмі я магу размаўляць гадзінамі. Я думаю, што заўсёды будуць фанаты аўтарскай песні. Яе нельга параўноўваць з нейкай іншай. Аўтарская - гэта лёгкая, спакойная, удумлівая музыка, якая наогул не характэрна для нашага часу. Вось нядаўна, дарэчы, была на канцэрце Вольгі Акуліч і Наталлі Нікіцінай. Я такое задавальненне атрымала ад гэтага дуэта! Сядзела і думала, што як можна казаць пра тое, што паэзія і аўтарская песня паміраюць! Яны заўсёды жывыя!

  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі