Sziget — галоўны жнівеньскі еўрафэст

У тых, хто пракапялюшыў усе летнія фэсты, застаўся апошні шанец, каб пабачыць The Prodigy, Faith No More, Тricky, Placebo і пакуралесіць з еўрапейскімі меламанамі. Для гэтага 12 жніўня трэба даехаць да Будапешта і пайсці на Sziget Festival. На дадзены момант адгрымела ўжо большая частка самых буйных еўрапейскіх фэстаў — Сонар, Роскілд, Опэнэйр, Экзіт, Балатон Саўнд, Мэлт, Бітугезэ і Басовішча ў рэшце рэшт. Але самы любімы і славуты фэст яшчэ наперадзе. Называецца ён Сігет (Sziget) і час яго наступіць 12 жніўня ў чароўным горадзе Будапешце.



Сігет называюць па-рознаму — і Зігет, і Жыгет, і Сцігет і Сзігет. Але той, хто ведае хаця б асновы венгерскай граматыкі, разумее, што фэст правільна называць Сігет і ніяк інакш. Сігет азначае па-венгерску “востраў”. На гэтым востраве фэст і праходзіць, прама паміж Будай і Пештам, якія раздзяляе рака Дунай.

Фестываль у гэтым годзе адбудзецца ў 17 раз. Відавочна, што за столькі гадоў фэст удасканаліўся настолькі, што яго нават пачалі называць самым “утульным” у Еўропе.

Еўрарадыё было на фэсце 5 разоў, і можа пацвердзіць гэтыя чуткі.



Сапраўды, на выспе ёсць усё, што можа спатрэбіцца меламану ажно на тыдзень (а менавіта столькі доўжыцца фэст).

Жыллё. Ёсць дзе паставіць намёт — спецыяльнае месца прама на тэрыторыі фэсту (далёка хадзіць не трэба). Дарэчы тэнты не забараняюць ставіць дзе заўгодна, хоць ля галоўнай сцэны.



Ежа — ад венгерскай да крышнаіцкай. Апошняя, дарэчы, амаль бясплатная, кідаеш у “скарбонку” колькі не шкада, і частуешся вегетарыянскім варывам, пакуль не лопнеш.

Пітво — піва, віно (таннае! Гэта ж Венгрыя), традыцыйны лікёр Унікум і шмат усяго градуснага і не вельмі. Колькі хопіць грошай. А не хопіць — заўсёды знойдуцца тыя, хто пачастуе.

Шмотачкі і цацачкі — традыцыйна, усе самыя стылёвыя і неардынарныя будапешцкія крамы заводзяць сабе тэнцік на Сігеце, дзе прадаюць сваё багацце. Апроч таго, розныя афрыканскія, індыйскія і якія толькі прыдумаеш крамы таксама там, з унікальным таварам. Так што знайсці, напрыклад, сукенку ў псілацыбінавыя грыбочкі там лёгкая справа.

Ну і галоўнае, што трэба меламану — музыка. На Сігеце яна прадстаўлена ад хэвімэталу да попу. На фэсце будзе дзейнічаць, як заўсёды, больш за 14 пляцовак, і на кожнай будзе па некалькі сваіх зорак.



Мы скажам толькі пра хэдлайнераў. У гэтым годзе гэта Faith No More, Placebo, The Prodigy, Fatboy Slim, The Offspring, Lily Allen, Bloc Party, Primal Scream, White Lies, Tricky, Armin Van Buuren, Eric Prydz, Pete Tong, Coldcut.

Спадзяемся, што хоць адно з гэтых імёнаў вас зачапіла... І вы гатовыя будзеце за яго аддаць 188 еўра. Такі цяпер кошт тыднёвага музычнага адрыву. Шчыра кажучы, у гэтым годзе гэта будзе самы дарагі Сігет (самі разумееце, крызіс, спонсары не такія спонсарыстыя).

Тым не менш, арганізатары ўпершыню ўвялі і сістэму зніжак: дзённыя квіткі, якія на ўваходзе будуць каштаваць 42 еўра, пасля 11 ночы стануць у 2 разы таннейшымі (бо як раз у гэты час заканчваюцца канцэрты на галоўнай сцэне). Але ўсе астатнія сцэны будуць працаваць, і працаваць, і працаваць, ажно да раніцы, а там па-новай. І так цэлы тыдзень.



Ну што, гатовыя да такога адрыву? Тады да сустрэчы на фэсце! Альбо слухайце Еўрарадыё. Мы, як звычайна, раскажам вам усе ў падрабязна і шчыра.
Фота: Міла Котка (Sziget 2007) Глядзі таксама:
Усе фэсты на Еўрарадыё
Афіцыйная старонка Sziget Festival

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі