“Сёстры” Псіхеі” засталіся без касцюмаў

Спектакль Тэатра Беларускай Драматургіі ў пастаноўцы Сяргея Кавальчыка “Сёстры Псіхеі”, беларусы пабачылі толькі адзін раз – на прэм’еры. Потым спектакль адправіўся на фестываль антычнага мастацтва “Баспорскія агоны”, дзе атрымаў гран-пры. Па дарозе ў Беларусь былі знішчаны ўнікальныя касцюмы з жорсткага каркасу. Вось, што гаворыць галоўны мастак спектакля Алена Ігруша:
“У дадзеным выпадку адбылася непапраўная рэч, магчыма з-за таго, што персанал раней не сутыкаўся з падобнымі формамі”.

Цяпер стваральнікі “Сёстраў Псіхеі” думаюць, што рабіць, бо работа над касцюмамі была вельмі цяжкай і дарагой.

Спадарыня Ігруша зазначае:
“Былі зроблены злепкі для кожнага акцёра, выкананыя спярша у пластыліне, затым адлітыя на кожнага чалавека, а пасля гэтая форма была выклеена ў 5 слаёў, адшліфавана і пакрытая адмысловай фарбай. Рабілася ўсё гэта 40 дзён. Гэта вельмі дарагая праца” .

Ствараючы свае касцюмы, спадарыня Ігруша хацела паказаць штучнасць і ненатуральнасць нашага свету.

Мастачка гаворыць, што:
"Была зроблена спроба стварыць нейкі матэрыяльны, пластамасавы свет. У сцэнаграфіі мы выкарыстоўвалі поліэтыленавую плёнку. І людзі ў гэтым плёначным свеце былі апранутыя ў пластмасавыя карсеты, у якіх пазнаваліся б штучныя грудзі, жывот, торс. Было спадзяванне, што глядач за ўсёй гэтай пластмасавай штучнасцю заўважыць нашу спробу паказаць так званыя стандарты прыгажосьці”.

Спадарыня Ігруша не верыць у хуткае аднаўленне касцюмаў, і пакуль акцёры вымушаны іграць у нечым больш звыклым і не такім авангардным.

Тым не менш, Сяргей Кавальчык паабяцаў, што да пачатку новага тэатральнага сезона касцюмы будуць зроблены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі