Сёння могуць заключыць здзелку па збожжы. Цэны на сусветным рынку пачалі падаць

Цэны на збожжа пачалі падаць, сусветны голад адмяняецца / pixabay
Цэны на збожжа пачалі падаць, сусветны голад адмяняецца / pixabay

Украіна, ААН і Турцыя падпісалі здзелку, якая дазволіць разблакаваць збожжа ў чарнаморскіх партах. Чакаецца, што сёння такую ж здзелку падпішуць Расія, ААН і Турцыя. Прынамсі, Анкара ўжо заявіла аб тым, што ёй удалося заключыць здзелку з Расіяй, піша ВВС.

Неўзабаве пасля з'яўлення навін аб тым, што здзелку падпішуць, цэны на збожжа на сусветных рынках пачалі падаць.

Украіна — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў збожжа. Расія заблакавала асноўныя чарнаморскія парты, з-за чаго вываз збожжа быў немагчымы. Гэта справакавала рэзкі рост коштаў на прадукты харчавання ў свеце. ААН папярэджвала, што мільёнам людзей у краінах, якія развіваюцца, пагражае голад.

Між тым, заключаць прамую здзелку з Расіяй Украіна адмовілася. Замест гэтага кожны з бакоў падпіша "люстраныя дамовы". Пад адным дагаворам паставілі свае подпісы прадстаўнікі Украіны, Турцыі і ААН. Пад аналагічным павінны падпісацца Расія, Турцыя і ААН.

"Украіна не падпісвае ніякіх дакументаў з Расеяй. Мы падпішам пагадненне з Турцыяй і ААН", — напісаў у Твітары памочнік прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Расійскі бок пакуль не падпісаў здзелку, але прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган паабяцаў ужо свету "добрыя навіны". Відавочна, у турэцкага прэзідэнта ёсць упэўненасць у тым, што другі бок таксама паставіць свой подпіс пад дакументам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі