Сёлетняе “Басовішча” пройдзе без NRM, “Крамы”, і “Нейра Дзюбеля”

На дваццаць першым годзе існавання Фестываль Музыкі Маладой Беларусі “Басовішча” нарэшце саспеў да таго, каб змяніць свой фармат. Пра гэта Еўрарадыё заявіла старшыня БАСа Кася Кузьміч.

Кася Кузьміч: “Мы падумалі, што юбілей, 20 гадоў “Басовішча”, — гэта вельмі добры момант для таго, каб такія змены ўвесці. Бо нам падаецца, усе людзі ведаюць пра тое, што “Басовішча” патрабуе зменаў”.

І змены гэтыя будуць кардынальныя: сёлета ўпершыню за шмат гадоў на “Басовішчы” не будзе такіх традыцыйных для яго хэдлайнэраў, як NRM, “Крама”, "Уліс" і “Нейра Дзюбель”. Пад пытаннем удзел гуртоў "Б.Н." і IQ-48. Далейшы спіс удзельнікаў выглядае досыць дзіўна для калісьці амаль цалкам беларускамоўнага фестывалю.

Кася Кузьміч: “Хэдлайнерам сёлетняга “Басовішча” будзе гурт “Ляпіс Трубяцкой”, а з польскага боку хэдлайнерам будзе гурт Lipali. Далей гурты “Троіца”, “Гурзуф”, “Адыс Абеба”, Re1ikt”.

Старшыня БАСа прызнае: за столькі гадоў людзі прывыклі да таго, што менавіта на “Басовішчы” яны могуць пачуць любімыя беларускія гурты і спецыяльна дзеля гэтага прыязджаюць на паляну пад Гарадком. І, кажа, арганізатары ведаюць, што сёлетнія змены большасці гледачоў прыйдуцца не да спадобы, але не палохаюцца гэтага.



Кася Кузьміч: “Мы не хвалюемся на гэты конт. Ведаем, што ў “Басовішча” сталая публіка, штогод на фэст прыязджае шмат людзей. І ведаем, што тыя людзі, якія любяць “Басовішча”, прыедуць і ў гэтым годзе. І ў пэўны момант зразумеюць, што былі патрэбныя такія змены, і не будуць шкадаваць, што няма такіх гуртоў, як NRM ці “Нейра Дзюбель”.

З тым, што змены “Басовішчу” сапраўды патрэбныя, згодны і лідэр “Дзюбялёў” Аляксандр Кулінковіч. Але сумняваецца, што яны мусілі выглядаць так, як сёлета запрапанавалі арганізатары фэсту.

Аляксандр Кулінковіч: “Пра тое, каб змяніць “Басовішча”, казалі ўсе, і казалі даўно. Але трэба было ўводзіць у фармат “Басовішча”, які ўжо склаўся, новыя калектывы. Былі ж гады, калі прыязджалі вясёлыя італьянцы, бязбашанныя. Таму трэба было дадаваць новыя гурты, а не адмаўляцца ад каманд, якія асацыююцца з “Басовішчам”, і цалкам змяняць усё. А яны выкраслілі калектывы, на якія людзі і ехалі. Гэта неразумна і як мінімум бязглузда”.



Калі раней на “Басовішча” запрашалі руска- альбо англамоўныя гурты, то арганізатары ставілі ім умову: як мінімум палова праграмы павінна быць на мове. І музыкі альбо пісалі спецыяльна новыя песні, альбо перакладалі свае старыя хіты. Кулінковіч лічыць такую практыку “залатой сярэдзінай”. І ў якасці прыкладу прыводзіць “Нейра Дзюбель”.

Аляксандр Кулінковіч: “Мы выконвалі і рускамоўныя песні, але пераважная большасць была беларускамоўная. Мы іх адмыслова рыхтавалі да “Басовішча”. Я лічу, што гэта было нармальна. Мы не адышлі ад сваёй рускамоўнай публікі і падтрымалі фармат фестывалю — як фестывалю беларускай музыкі”.

Але Кася Кузьміч лічыць, што арганізатары не павінны ставіць умовы музыкам.

Кася Кузьміч:
“Так не павінна быць, што арганізатары ставяць умовы гуртам”.

Еўрарадыё зацікавілася, як ставіцца да такіх зменаў у фармаце “Басовішча” адзін з заснавальнікаў гэтага фэсту — вядомы мастак, беларус з Беласточчыны Лёнік Тарасевіч. Але той абурана зазначыў, што арганізатары ўжо некалькі гадоў запар як здраджваюць першапачатковай ідэі фэсту, а ніхто на гэта раней не зважаў.

Лёнік Тарасевіч:
“Два гады таму, калі я быў у журы і калі большасць "савецкіх" журналістаў прызнала пераможцам рускамоўны гурт, то я не чуў ніякай рэакцыі ні ад каго з вас. Дык што вы цяпер хочаце?!”



Дзеля цікаўнасці Еўрарадыё запытала ў прадзюсера “Ляпісаў” Яўгена Калмыкова, з якой праграмай паедзе на “Басовішча” гурт. Той здзівіў заявай, што Міхалок хацеў прыехаць туды з цалкам беларускай праграмай.

Яўген Калмыкоў: “Мы хацелі, але нам арганізатары “Басовішча” не дазволілі гэтага”.

Праўда, потым прызнаўся, што гэта быў жарт.

Яўген Калмыкоў: “Пакуль у нас іншыя грандыёзныя планы, і не можа ён дазволіць сабе ўзяць і выйсці з цалкам беларускамоўнай праграмай. Бо дзеля гэтага яму давядзецца падрыхтавацца, як мінімум. Але гэта рэальная акцыя — так выступіць на “Басовішчы”. Некалі яна здарыцца, але не ў гэтым годзе”.

Дарэчы, як ужо паведамляла Еўрарадыё, 21-23 жніўня ў Чарнігаве пройдзе фестываль “Be Free”. І запрашэнні выступіць там ужо атрымалі і “Крама”, і IQ-48, і “Нейра Дзюбель”, і NRM. Як патлумачыў адзін з арганізатараў фэсту Віталь Супрановіч, інфармацыя пра нежаданне арганізатараў “Басовішча” бачыць гэтых “генералаў айчыннага року” на сваёй імпрэзе стала дадатковым аргументам для запрашэння іх на “Be Free”.



І гэта рашэнне прымусіць шмат каго з аматараў беларускай музыкі задумацца над тым, на які з фэстаў ехаць. На карысць “Be Free” іграе і тое, што ва Ўкраіну не патрэбная віза. А арганізатары імпрэзы ў Польшчы яшчэ толькі вядуць перамовы з амбасадай сваёй краіны пра бясплатныя візы для наведвальнікаў “Басовішча”. І колькі такіх віз будзе — пакуль невядома. Да таго ж, як паказвае леташняя практыка, не факт, што ўсе жадаючыя змогуць іх атрымаць.

Фота: http://generation.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі